Работа, вядзенне ўласнай гаспадаркі, сямейныя клопаты, выхаванне дзяцей — заўсёды з гэтым лёгка спраўляліся вясковыя жанчыны. Неаспрэчны факт, што беларускія жанчыны, акрамя таго, што працавітыя, яшчэ і самыя прыгожыя. У гэтым мы ў чарговы раз пераканаліся, калі наведалі ААТ «Велікасельскае Агра».
— І хаця ў калектыве гаспадаркі прадстаўніц, як кажуць, «слабой палавіны» менш, чым мужчын, на іх плячах трымаецца даволі шмат работы,— зазначае дырэктар таварыства Васіль Лявонцьевіч Севасцьянчык.

— 116 нашых жанчын — велізарная сіла, якая не толькі захоўвае лепшыя працоўныя традыцыі, але і прымушае мужчынскую большасць працаваць аддана і дысцыплінавана. Жанчынам «Велікасельскага Агра» належыць вядучая роля ў сельгасвытворчасці, у развіцці сельскай гаспадаркі, бо яны задзейнічаны на самых галоўных накірунках дзейнасці: у жывёлагадоўлі, раслінаводстве.

Нашы працаўніцы кіруюць многімі структурнымі падраздзяленнямі гаспадаркі, будуюць планы і робяць усё магчымае для іх ажыццяўлення. І мы, атрымліваючы істотны вынік ад іх працы, імкнемся стварыць ім належныя ўмовы.

Гэта пацвярджаюць і прадстаўніцы акцыянернага таварыства, многія з іх у прыватных гутарках адзначаюць, што ў ААТ ёсць усе ўмовы для працы і для годнага жыцця на вёсцы.

Жаночы калектыў сельгаспрадпрыемства рознаўзроставы, побач з ветэранамі працуюць і маладыя дзяўчаты. І ўдвая прыемней, што з іх «дапамогай» у вёсцы вырашаецца і пытанне з прыцягненнем і затрыманнем кадраў, і дэмаграфічная сітуацыя. Вераніка Шумак прыехала працаваць у Вялікае Сяло з іншага рэгіёна Брэстчыны, а разам за ёй прыехаў і яе будучы муж. І менавіта ў гэтай вёсцы яны згулялі вяселле. У якасці заахвочвання да працы і пастаяннага пражывання маладая сям’я атрымала ад гаспадаркі дом. Падобнае можна сказаць і пра Яну Сямашка, якая таксама з прыезджых, таксама згуляла тут вяселле і ўжо двойчы стала мамай.

Затрыманню такіх прыгожых кадраў садзейнічае прыклад працаўніц, якія значную частку свайго жыцця аддалі мясцовай гаспадарцы. Галоўны бухгалтар Станіслава Іванаўна Журко адпрацавала ў ААТ «Велікасельскае Агра» ўсё сваё жыццё. Такім жа «вясковым» стажам можа пахваліцца і бухгалтар Марыя Васільеўна Максімовіч, Ядвіга Францаўна Карунас і многія іншыя. Варта адзначыць, што не ўсе ветэраны таварыства нарадзіліся тут, некаторыя па волі лёсу прыехалі працаваць у Вялікае Сяло і затрымаліся. І ніхто не шкадуе аб такім жыццёвым выбары.

Самае галоўнае заахвочванне затрымацца ў акцыянерным таварыстве — адзнака кіраўніцтвам шчырай працы. У гаспадарцы штогод вызначаюцца работніцы, якія займаюць лідзіруючыя пазіцыі па сваіх накірунках у раёне і нават вобласці. І гэтыя дасягненні не застаюцца па-за ўвагай, а атрыманыя матэрыяльныя ўзнагароды становяцца добрым стымулам для далейшай працы і прыкладам для іншых.

Вось такія яны, прыгажуні-жанчыны з «Велікасельскага Агра». І здаецца, што менавіта ім адзін з паэтаў прысвяціў такія вершаваныя радкі: «Сельская жанчына… Ты — сапраўдная! Абліччам мілая і духам моцная!»
Алег Сідарэнка, фота аўтара.