У 2018-2019 гадах будзе праведзена комплекснае добраўпарадкаванне гарадскога пасёлка Ружаны, пра што паведаміў намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Сяргей Гук. Першы этап работ, па яго словах, трэба будзе правесці ў бягучым годзе. На гэтыя мэты з абласнога бюджэту накіруюць Br1 млн 758 тыс.
Камунальнікі правядуць бягучы рамонт 12 шматпавярховых жылых дамоў. Запланавана добраўпарадкаванне сямі вуліц з асфальтаваннем дарог. У пералік уключаны вуліцы Шпітальная, Якуба Коласа, Зарэчная, Зялёная, Кірава, Пружанская, Казіміра Марача і Першага Мая, на якіх ужо пракладзены неабходныя камунікацыі.
Спецыялісты прывядуць у парадак тэрыторыю Ружанскай бальніцы. Там неабходна замяніць інжынерныя сеткі, знесці невыкарыстоўваемыя будынкі і збудаванні, устанавіць малыя архітэктурныя формы. Прадугледжваецца ўладкаванне кампактнай паркоўкі, што дазволіць разгрузіць ад транспарту вуліцу, якая вядзе да Ружанскага замка. Пачатак работ запланаваны на май. «Работы патрабуецца шмат. Ружаны — цікавы і перспектыўны пасёлак. Мы прыкладзём усе намаганні, каб за гэтыя два гады ён зайграў новымі фарбамі. Яго прывабнасць залежыць у тым ліку ад мясцовых жыхароў. Яны павінны паклапаціцца аб добраўпарадкаванні сваіх двароў і прылеглых тэрыторый», — падкрэсліў Сяргей Гук.
Другі этап рэалізацыі праекта прыйдзецца на 2019 год, калі Ружаны прымуць абласны фестываль працаўнікоў вёскі «Дажынкі». Папярэдне запланавана правесці бягучы рамонт устаноў адукацыі, рэканструяваць харчаблок бальніцы, а таксама добраўпарадкаваць вуліцы, на якіх пакуль адсутнічаюць камунікацыі.
БЕЛТА, фота з архіва рэдакцыі.