Пятница, 13 декабря 2024

Обладательница юношеского рекорда Европы по спортивной ходьбе Анна Зубкова рассказала о своем пути в спорте и вере в себя

1 192

Напружаныя трэніроўкі пачаліся ў жыцці Ганны Зубковай усяго пару гадоў таму, хаця прыхільнасць да спорту з’явілася даўно. Але невялікі вопыт, які быў за плячыма, не з’яўляецца перашкодай для пружанскай спартсменкі на шляху да высокіх мэт, якія яна ставіць перад сабой. Больш за тое, вынікі ў спартыўнай хадзьбе, у якой на працягу двух гадоў выступае дзяўчына, уражваюць.
Зімой Аня абнавіла два нацыянальныя рэкорды ў сваёй узроставай катэгорыі на дыстанцыях 3000 і 5000 метраў. А крыху больш за месяц таму ў Венгрыі на чэмпіянаце Еўропы дзяўчына заваявала ўпэўненую перамогу на дыстанцыі 5000 метраў і не проста атрымала права выступіць у кастрычніку на юнацкіх Алімпійскіх гульнях у Буэнас-Айрэсе, але і ўстанавіла новы рэкорд юнацкіх чэмпіянатаў Еўропы.
Пра шлях у прафесійны спорт, матывацыю для ўражваючых вынікаў і планы на будучае Ганна Зубкова расказвае чытачам «раёнкі».
— Аня, раскажы, як ты трапіла ў спорт?
— Першай спартыўныя задаткі ў мяне і маёй сястры-блізняткі Яны заўважыла мая настаўніца фізкультуры Алена Аляксандраўна Астапчык. Менавіта яна параіла нам паспрабаваць сябе ў лёгкай атлетыцы. Так мы трапілі да трэнера ДЮСШ №1 Сяргея Аляксандравіча Чайкоўскага. Прызнаюся шчыра, гэтыя трэніроўкі я не ўспрымала ўсур’ёз, тым больш, што яшчэ і паралельна займалася музыкай. Тым не менш пачала ўсведамляць, што спорт прываблівае мяне больш, чым музыка, і ў выніку аддала перавагу першаму.
А пачынала я з бегу: некалькі разоў выступала ў складзе каманды раёна на абласных спаборніцтвах. Паказвала на іх нядрэнныя вынікі, таму прыняла рашэнне паступаць у Брэсцкае вучылішча алімпійскага рэзерву. Праўда, правучылася там усяго два месяцы: да мяне прад’яўляліся завышаныя патрабаванні і адносіны з трэнерам не склаліся. У хуткім часе на зборах, якія праходзілі ў Плешчаніцах, мае здольнасці заўважыў Аляксандр Алегавіч Родзічаў, які прапанаваў трэніравацца пад яго кіраўніцтвам. Ён дапамагае мне расці і сёння.
— А як атрымалася, што ты памяняла бег на спартыўную хадзьбу?
— Яшчэ напачатку маёй вучобы ў Плешчаніцах Аляксандр Алегавіч вырашыў пазнаёміць мяне з тэхнікай спартыўнай хадзьбы. Я не проста на хаду злавіла нюансы — практычна адразу паказала вынік: літаральна праз месяц заняткаў ужо заваявала першы медаль. Ды і з усіх наступных спаборніцтваў я заўсёды вярталася з прызавым месцам. Адным словам, аказалася, што я нарадзілася для спартыўнай хадзьбы.
— Сёлета ты закончыла вучылішча алімпійскага рэзерву. Што далей?
— Спярша адзначу, што вучоба ў вучылішчы адрознівалася ад вучобы ў звычайнай школе: навучальны працэс настаўнікі ВАР падладжваюць пад цябе з улікам штодзённых спартыўных трэніровак. Тым не менш і там скідак на гэта ніхто не робіць і адзнакі не завышае.
Наперадзе ў мяне курсы, якія будуць сумяшчацца з трэніроўкамі і спортам: я рыхтую сябе да дарослага спорту. Праз два гады планую паступаць у Беларускі ўніверсітэт фізічнай культуры: у мяне будзе магчымасць пачынаць вучобу адразу з другога курса.
— Адным словам, далей — толькі спорт… А якой цаной табе даюцца спартыўныя поспехі?
— Па-першае, для мяне ніхто не робіць ніякіх паслабленняў. Нават я сама. Яшчэ раз звярну ўвагу, што трэніроўкі праходзяць штодзень. Нават калі на выхадныя еду ў Пружаны, мой трэнер тэлефануе А.С.Чайкоўскаму і той кантралюе, каб я не філоніла.
Акрамя таго, трэба сачыць за тым, што ляжыць у цябе на стале. Напрыклад, на марожанае і шакалад — строгае табу, а за месяц да спаборніцтваў увогуле даводзіцца пераходзіць на асаблівы рацыён харчавання.
— Аня, прызнайся, што звычайна з’яўляецца для цябе стымулам да новых перамог?
— Па-першае, мне хочацца паказаць вынік, каб здзівіць трэнера. Але куды большы матыватар — мая мама. Мне хочацца, каб яна мной ганарылася. Калі прымала ўдзел у рэспубліканскіх спаборніцтвах, у мамы быў дзень нараджэння. Калі віншавала яе, пацікавілася, які падарунак ёй зрабіць. Яна адказала, што хоча, каб я стала майстрам спорту. Яна сказала — я зрабіла. Перад стартам у Венгрыі мама паабяцала за прызавое месца сустрэць мяне ў аэрапорце. У выніку павіншаваць з абсалютнай перамогай прыехалі яшчэ і родныя. Тую сустрэчу, бадай, я запомню на ўсё жыццё. Дзеля вось такіх момантаў і хочацца дасягаць новых вяршыняў.
Прызнаюся, цяпер мама паабяцала навучыць мяне вадзіць аўто.
— Ці ёсць у цябе куміры ў спартыўным свеце, чые поспехі з’яўляюцца для цябе прыкладам?
— Калі стаўлю перад сабой мэты, зыходжу толькі з асабістых абставінаў. Словам, я сама сабе кумір.
Сёння ў мяне мэта так падрыхтавацца да Алімпійскіх юнацкіх гульняў у Буэнас-Айрэсе, каб трапіць у лік прызёраў. Акрамя таго, я ўвайшла ў склад зборнай Беларусі і буду адстойваць гонар краіны на Кубку свету па спартыўнай хадзьбе, які пройдзе ў 2020 годзе ў Беларусі.
На жаль, спартыўная хадзьба ўсё яшчэ не поўнасцю ацэнена. Гэты від толькі нядаўна быў уключаны ў алімпійскі. Дарэчы, я буду прыкладаць усе намаганні, каб трапіць у склад зборнай краіны на Алімпійскіх гульнях.
— Аня, складваецца ўражанне, што, акрамя як на спартыўную хадзьбу, у цябе больш ні на што ўжо не застаецца часу.
— Чаму ж? Я люблю гуляць у футбол. Акрамя таго, люблю маляваць. Не прайшлі дарма заняткі ў ДШМ, дзе асвоіла тры музычныя інструменты, і ГДК, куды хадзіла на вакал: часта з задавальненнем бяру ў рукі гітару, спяваю. А яшчэ ўмею смачна гатаваць: гэтаму мяне навучылі мама і бабуля.
— Якая ў цябе формула поспеху?
— Усё, што неабходна для поспеху, — вера ў сябе. Я заўсёды падкрэсліваю: чалавек можа больш, чым ён думае.

Марына Вакульская. Фота аўтара і з архіву Г. Зубковай.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *