Скончыліся самыя працяглыя канікулы, і пачынаецца новы навучальны год. Акрамя доўгачаканай сустрэчы з аднакласнікамі і настаўнікамі, ён прыўнясе ў жыццё навучэнцаў і педагогаў некаторыя навацыі. Аб новай якасці і аптымізацыі адукацыі – наша размова з начальнікам аддзела па адукацыі райвыканкама І.А.Казарэз.
– Ірына Анатольеўна, перш чым мы пачнём гаварыць пра новы навучальны год, давайце ўспомнім дасягненні папярэдняга. Адным з галоўных крытэрыяў ацэнкі працы і развіцця ўстаноў адукацыі з’яўляецца працэнт паступлення вучняў у ВНУ. Якія вынікі паказалі сёлетнія выпускнікі раёна?
— Выпускнікі 2018 года пацвердзілі высокія веды, паказаныя падчас выніковай атэстацыі, баламі на цэнтралізаваным тэсціраванні: па выніках ЦТ Пружанскі раён заняў першае месца сярод сельскіх раёнаў вобласці, саступіўшы гарадам Баранавічы, Брэст і Пінск (такая выніковасць назіраецца на працягу апошніх чатырох гадоў). Наш раён апынуўся ў тройцы лідараў у вобласці па выніках ЦТ па французскай мове (1 месца), па гісторыі Беларусі (2 месца), па рускай мове і грамадазнаўстве (3 месца). Да слова, навучэнец СШ № 4 г. Пружаны Павел Зялевіч атрымаў на цэнтралізаваным тэсціраванні па беларускай мове 100 балаў (настаўніца Ірына Уладзіміраўна Астапчук).
Сёлета 16% выпускнікоў залічана ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, 30,6% – ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі і 50% – ва ўстановы вышэйшай адукацыі.
— Адны сыходзяць, іншыя прыходзяць. Колькі першакласнікаў пераступяць сёння, 1 верасня, парог школы?
— У новым навучальным го-дзе ў першыя класы пойдзе 512 навучэнцаў, што на 39 вучняў больш, чым у мінулым.
— Ці гатовыя ўстановы адукацыі прыняць усіх выхаванцаў і навучэнцаў?
— Усе ўстановы адукацыі добра папрацавалі гэтым летам. Кіраўніцтвам аддзела і ўстаноў адукацыі, супрацоўнікамі гаспадарчай групы праве-дзена вялікая праца па падрыхтоўцы да новага навучальнага года. З бюджэту на адукацыю было накіравана звыш 21800 тыс. рублёў і дадаткова з пазабюджэтных крыніц – амаль 90 тыс. рублёў. Выкананы работы па ўладкаванні і рамонце санвузлоў Шаняўской СШ і СШ №1, праведзена частковая замена дзвярных і аконных блокаў на энергазберагальныя ў будынку ясляў-сада №4 і ў будынку Магілявецкага ВПК, адрамантаваны дах у СШ №5. Значныя аб’ёмы рамонтна-будаўнічых работ выкананы ў Ружанскай СШ. Завяршаецца праца па ўвядзенні ў эксплуатацыю прыбудовы санвузлоў у Мураўскай СШ. Рыхтуецца да ўвядзення ў эксплуатацыю і будынак дзіцячага дома сямейнага тыпу ў г. Пружаны.
— Ці праводзілася ў гэтым годзе аптымізацыя ўстаноў адукацыі раёна?
— Праводзілася, у выніку Бакунскі-1 і Лыскаўскі ВПК рэарганізаваны ў базавыя школы. Акрамя таго, з 1 верасня 2018 года спыняе сваю працу ДУА “Яслі-сад № 5” па вул. Кобрынскай.
— А як, у цэлым, ідуць справы з дашкольнай адукацыяй? Я так разумею, калі сад закрываецца, то праблема дэфіцыту месцаў у дзіцячых садках вырашана?
— У раёне на сённяшні дзень адкрыта 37 устаноў, у якіх атрымлівае дашкольную адукацыю 1856 выхаванцаў, ахоп дашкольнай адукацыяй складае 97,89% дзяцей 3-6 гадоў. У раёне ўсе дзеці пяцігадовага ўзросту ахоплены падрыхтоўкай да навучання ў школе. Таксама набіраюць папулярнасць групы кароткачасовага знаходжання, якія сёння наведвае 268 дзяцей. Працягвае працаваць 1 педагагічная альтанка, 1 гульнявая пляцоўка, 3 “мацярынскія” школы, 7 адаптацыйных пляцовак, 2 вячэрнія групы, 7 прагулачных пляцовак.
— Ці ўкамплектаваны ўстановы адукацыі кадрамі? Колькі маладых спецыялістаў пачне сваю педагагічную дзейнасць у гэтым навучальным годзе?
— Недахопу ў кадрах мы не адчуваем. У 2018 годзе ў раён накіравана 27 маладых спецыялістаў, з іх 23 з вышэйшай і 4 з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Усе спецыялісты праца-ўладкаваны.
Метадычная праца спрыяе бесперапыннаму павышэнню прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў. Вышэйшую адукацыю мае 75,4% з іх. У раёне пераважае працэнт вопытных настаўнікаў: колькасць педагогаў са стажам працы да 3 гадоў склала 9,3%, больш за 15 гадоў – 62,4%. Працэнт педагогаў з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй вырас з 19% да 21%. Радуе, што ў сістэме адукацыі Пружаншчыны з’явіўся настаўнік-метадыст: Галіне Дзмітрыеўне Зуй, настаўніцы абслугоўваючай працы СШ № 3, прысвоена гэтая кваліфікацыя.
У цэлым, аналіз кадравага складу ўстаноў адукацыі дазваляе казаць аб збалансаванасці ў падборы спецыялістаў рознага ўзросту і стажу працы.
— Давайце пагаворым аб выхаваўчым працэсе. На што будуць накіраваны асноўныя намаганні аддзела і ўстаноў адукацыі раёна?
— Важным складнікам адукацыйнага працэсу застаецца патрыятычнае выхаванне навучэнцаў. У цесным узаемадзеянні з піянерскай арганізацыяй і саюзам моладзі будзем праводзіць мерапрыемствы, прысвечаныя Году малой радзімы. Актуальным напрамкам работы застаецца і фарміраванне ў навучэнцаў навыкаў здаровага ладу жыцця. У 2019 годзе ў нашай краіне пройдуць Еўрапейскія гульні. Гэта значная спартыўная падзея знойдзе сваё адлюстраванне пры правядзенні фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў. На жаль, праблемнымі застаюцца пытанні бяспечных паводзін дзяцей і падлеткаў, у тым ліку ў інтэрнэт-прасторы. Мы працягнем весці шырокую інфармацыйную кампанію па пытаннях мэтазгоднасці абмежавання доступу навучэнцаў да пэўных сайтаў, каб абараніць дзяцей ад уцягвання ў дэструктыўныя супольнасці.
— Добрай прафілактыкай небяспечных паводзін дзяцей з’яўляецца арганізацыя іх вольнага часу. Як будзе вырашацца гэтае пытанне?
— У раёне створаны ўсе ўмовы для занятасці дзяцей у вольны час. Даведзеныя нам паказчыкі дзяржаўнай праграмы “Развіццё сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” перавыкананы на 4,5%. У мінулым годзе ў 244 гуртках устаноў агульнай сярэдняй адукацыі займалася каля 70% навучэнцаў, у 146 гуртках устаноў дадатковай адукацыі – 36,7%, у 85 спартыўных секцыях на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі — 24% навучэнцаў і на базе дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ — 22,5%. Спадзяёмся, што гэтыя паказчыкі ў новым годзе мы перасягнём.
— А як на Пружаншчыне рэалізуюцца праграмы інклю-зіўнай адукацыі?
— На працягу апошніх гадоў у раёне створаны ўсе неабходныя ўмовы для таго, каб дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця маглі атрымліваць даступную агульную адукацыю. Усе 785 дзяцей (100%) атрымліваюць якасную карэкцыйна-педагагічную дапамогу. Дарэчы, у мінулым годзе на абласным конкурсе «Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі» Пружанскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі быў узнагароджаны дыпломам 2 ступені. Мы працягнем гэтую працу па стварэнні безбар’ернага, адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя.
— І нарэшце, раскажыце пра змены, якія чакаюцца ў новым навучальным годзе.
— Сёння змяняюцца правілы арганізацыі профільнага і прафесійнага навучання. Вырашэнню гэтых задач будзе са-дзейнічаць добра наладжаная ў раёне дапрофільная падрыхтоўка навучэнцаў 5-9 класаў і профільнае навучанне ў 10-11 класах, у рамках якога вучням будзе дадзена магчымасць выбраць прадмет. А што тычыцца прафесійнай падрыхтоўкі вучняў, то яна будзе праходзіць на базе школ раёна і аграрна-тэхнічнага каледжа і ахопіць 100% вучняў 10 класа. Знаёмства з прафесіяй у далейшым дазволіць навучэнцам зрабіць усвядомлены прафе-сійны выбар.
— Што Вы пажадаеце настаўнікам і вучням?
— Паважаныя навучэнцы, педагогі і бацькі! Лёгкасці вам у новым навучальным годзе, дружнай атмасферы, выдатных адзнак і пастаяннага імкнення станавіцца лепшымі. Поспехаў, удачы, здароўя, цярпення, энергіі і натхнення. Хай гэты навучальны год напоўніцца яркімі падзеямі, перамогамі і здзяйсненнямі. Жадаю ўсім ісці ў школу толькі з добрым настроем!
Гутарыла Алена Зялевіч.