Понедельник, 16 сентября 2024

Об итогах жатвы и планах на будущее рассказал главный агроном ОАО «Великосельское Агро»

834

У гаспадарках раёна завяршылася ўборка збожжавых і зернебабовых культур. Наперадзе — восень, якая дабавіць яшчэ больш клопату земляробам. Аб выніках жніва і планах на бліжэйшую будучыню гутарка карэспандэнта з галоўным аграномам ААТ «Велікасельскае Агра» С.С.Суботам.
— Сяргей Сяргеевіч, завяршылася жніво — важнейшы экзамен для земляробаў. Якім яно было для вашай гаспадаркі?
— Калі казаць у цэлым, то тое, што планавалі, не атрымалі. Вядома, свае карэктывы ўнесла надвор’е. Працяглая засуха, якая панавала на працягу мая-чэрвеня, істотна паўплывала на наліў зерня збожжавых культур: сёлета яно атрымалася слабым.
І тым не менш, нягледзячы на катаклізмы надвор’я, намалацілі 8,4 тысяч тон збожжа пры ўраджайнасці 35 цэнтнераў з гектара. Ураджайнасць алейнага насення азімага рапсу склала ў нас 32,3 цэнтнера з гектара, што з’яўляецца лепшым паказчыкам сярод гаспадарак раёна.
Калі паглядзець у разрэзе збожжавых культур, то найбольш ураджайнымі выдаліся азімыя трыцікале і пшаніца, якіх сабрана з аднаго гектара адпаведна 40,4 ц і 38,5 ц.
— Якія ўрокі неабходна вынесці з гэтай уборачнай кампаніі?
— На працягу апошніх некалькіх гадоў нас падсцерагае засуха, і трэба быць гатовымі да гэтага. Як паказвае практыка, тыя пасевы збожжавых, дзе пад поўную патрэбу ўнесены мінеральныя ўгнаенні і праведзены неабходныя ахоўныя мерапрыемствы, менш церпяць ад засухі.
Дарэчы, менш пакутуюць ад засухі і азімыя збожжавыя, чаго нельга сказаць пра яравыя. Гэта можна прасачыць на прыкладзе нашай гаспадаркі: ураджайнасць яравога ячменю склала ўсяго толькі 28 цэнтнераў з гектара.
— Сяргей Сяргеевіч, наперадзе восень — самы напружаны перыяд для сельскіх працаўнікоў. Наколькі гаспадарка гатова да сяўбы азімых збожжавых?
— Сёлета мы павінны пасеяць азімыя збожжавыя культуры на плошчы 1500 гектараў. У тым ліку азімы ячмень размесціцца на плошчы 200 гектараў, трыцікале — 900 і пшаніца — 400 гектараў. У параўнанні з мінулым годам, павялічваем плошчы пад азімым ячменем і пшаніцай, як, дарэчы, і пад азімым рапсам, які ўжо пасеяны ў аптымальныя тэрміны на 400 гектарах.
Пад сяўбу азімых маем неабходнае насенне і пратручвальнікі для яго. Ёсць некаторы запас калійных і фосфарных угнаенняў, які яшчэ плануем папоўніць у бліжэйшы час. Набылі тры новыя сарты азімай пшаніцы — адзін айчыннай селекцыі, а два — замежнай. Вядзём падрыхтоўку глебы пад сяўбу азімых каласавых.
— Апошнім часам шмат гаворыцца пра вырашэнне бялковай праблемы ў жывёлагадоўлі. Наколькі актуальным з’яўляецца гэтае пытанне для вашай гаспадаркі?
— Практыкуем высяванне бабова-злакавых сумесяў, якія багатыя на бялок. Таксама высяваем гарох у чыстым выглядзе. На перспектыву будзем павялічваць плошчы пад люцэрнай і канюшынай. Выкарыстоўваем у жывёлагадоўлі макуху, якая атрымліваецца пры перапрацоўцы азімага рапсу.

Гутарыў Мікола Архуцік. Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *