Вторник, 18 марта 2025

ААТ «Жураўлінае»: калі марым — значыць, жывем

722

Вось і падыходзіць да лагічнага завяршэння чарговы каляндарны год. Ужо заўтра мы ўсе збяромся за святочным сталом, каб адправіць у мінулае ўсё, што з намі адбылося сёлета, і выказаць спадзяванне, што год 2024-ы будзе ўдалым, шчаслівым, непаўторным, насычаным на прыемныя падзеі.

Дырэктар ААТ «Жураўлінае» Аляксандр Пішч.

Марыць пра лепшае — гэта заканамерна для кожнага чалавека. Хто ж адмовіцца ад дабрабыту, здароўя, утульнасці для сваёй сям’і, родных і блізкіх. Тое ж можна сказаць і пра агульную справу, да якой далучаны кожны беларус, — зрабіць нашу краіну яшчэ больш моцнай і квітнеючай. І мы, працаўнікі сельскай гаспадаркі, прыкладаем усе намаганні для гэтага.

Начальнік МТФ «Клепачы» Вольга Севасцьянчык і аператары машыннага даення Наталля Карпеш, Святлана Велясюк і Святлана Ерамейка жадаюць: каб кожны дзень у новым годзе праводзілі вы спакойна і ў згодзе, святочнага настрою ніколі не губляйце, родных і блізкіх не забывайце.

І сказанае — не пустыя словы. Мы робім усё, каб кожны беларус штодзень меў хлеб на стале і да хлеба. Не проста забяспечваем харчовую бяспеку роднай Беларусі, але падтрымліваем яе суверэнітэт і незалежнасць. І як вынік — будуем светлую і ўпэўненую будучыню, якая надае нам імпэту для яшчэ больш плённай працы.

Каля шыкоўнай ёлкі прыгожыя словы ад механізатара Сяргея Сахарука: каб сонечна было на душы заўжды, і не ведалі беларусы бяды, ураджаю багатага з году ў год, і жыцця салодкага, як мёд!

Працуем шчыра і не пакладаючы рук. Гэта могуць пацвердзіць і земляробы ААТ «Жураўлінае». Кожны год з ранняй вясны і да позняй восені шчыруюць людзі на зямельцы, як і многа стагоддзяў таму. Аруць, сеюць, убіраюць. І робяць гэта карпатліва, з усёй засяроджанасцю і цярплівасцю, што характэрна для нас, беларусаў. Бо разумеюць, што зямля ў нас адна, іншай нам ніхто не дасць. Ды і не патрэбна нам чужое, сваёй дастаткова.

Каб шчасце ў хатах панавала, жаданне тварыць не знікала, як слёзы на вачах — дык толькі ад радасці і душа не адчувала старасці, — прасілі перадаць усім добрым людзям механізатар Аляксандр Сахарук, слесар Анатоль Матвяйчук, галоўны інжынер Антон Рыбачок і загадчык рамонтных майстэрняў «Клепачы» Павел Серада.

Што да планаў, то яны для хлебароба сыходзяцца ў адным — павышаць ураджаі, удасканальваць культуру земляробства, клапаціцца пра кармавыя культуры, якія ў сваю чаргу становяцца базай для жывёлагадоўлі. Мы маем усё для таго, каб працаваць плённа, забяспечваць землякоў неабходнай прадукцыяй.

Пажаданне ад механізатара Аляксандра Барана: працуйце дзень кожны як для сябе, нікога не кідайце вы ў бядзе, заўсёды старайцеся звацца людзьмі, тады будзе шчасце на нашай зямлі!

Такімі вось працаўнікамі і ганарыцца Беларусь, у тым ліку і наша гаспадарка, людзьмі справы, чэснымі, адказнымі, а галоўнае — сваімі. Нікога не даём у крыўду, падтрымліваем розныя пачынанні, забяспечваем дабрабыт кожнага. А інакш было б недаравальна: сельскія працаўнікі маюць поўнае права на раўнацэннае з гараджанамі жыццё. Таму прыкладаем усе намаганні, каб і на вёсцы людзям жылося прывольна, з задавальненнем. Каб чалавек і думкі не дапускаў, каб адысці ад зямлі і пайсці шукаць лепшай долі.
А ў адказ атрымліваем грунтоўную аддачу, якая і дае магчымасць ААТ «Жураўлінае» развівацца, трымаць марку трывалай гаспадаркі. Напрыклад, у адыходзячым годзе, дзякуючы сумленнай працы, механізатары Аляксандр Баран і Сяргей Сахарук занялі першае месца ў вобласці па корманарыхтоўцы. Па навядзенні і падтрыманні парадку рамонтныя майстэрні «Клепачы» зноў жа першыя, толькі ў раёне. Ёсць свае лідары ў сельгаставарыстве і па малацэ. На МТФ «Клепачы» ў разліку на карову ў суткі надойваюць амаль 30 кг, што на 8 кг больш, чым у мінулым годзе, захаванасць маладняку — 100%.
А ўвогуле калектыў працаўнікоў у сельгаставарыстве дружны, кожны разумее: калі хочаш зарабіць, то ўбаку пастаяць не ўдасца, толькі разам мы зможам упэўнена глядзець у будучыню, самі будаваць шчасце сваё і нашай гаспадаркі.

Прадавец фірменнага магазіна «Мясная лаўка» Таццяна Котава і повары Таццяна Вакульская і Данута Бучылка шчыра запрашаюць: калі на святочным стале не хапае сала і каўбаскі, заходзьце да нас, калі ласка. Любому гурману мы дагадзіць гатовы, а яшчэ жадаем шчасця ў годзе новым!

Паважаныя працаўнікі ААТ «Жураўлінае», нашы ветэраны! Віншую вас з Новым годам! Няхай ён стане пачаткам чагосьці новага і цудоўнага, падорыць усё тое, пра што кожны з нас марыць. Хай адкрые дзверы ў цудоўны свет шчасця, усмешак, цеплыні і дабрабыту, сярод якіх не будзе месца смутку і расчараванню. Мне вельмі хочацца, каб 2024 год стаў для нас па-сапраўднаму чароўным, каб змог падарыць столькі прыемных уражанняў і радасных момантаў, колькі мы змаглі пажадаць.

Няхай новы год стане для нас незабыўным!

Аляксандр Пішч, дырэктар ААТ «Жураўлінае»