Пятница, 14 февраля 2025

ОАО «Великосельское Агро» запустило свой комбикормовый цех

828

ААТ «Велікасельскае Агра» мае самы высокапрадукцыйны дойны статак сярод гаспадарак нашага раёна. Па выніках мінулага года ў разліку на карову тут было атрымана па 8240 кілаграмаў малака. Цяпер сярэднясутачныя надоі па гаспадарцы складаюць больш за 24 кілаграмы.
Як расказаў старшыня таврыства В.Л.Севасцьянчык, каб рухацца ў накірунку далейшага павышэння прадукцыйнасці дойнага статка, неабходна мець адпаведныя рацыёны кармлення жывёл. І калі яшчэ нядаўна камбікармы атрымлівалі на месцы з дапамогай мабільных млыноў, то цяпер для гэтай мэты пабудаваны і ўступіў у строй уласны камбікормавы цэх.
— Наш камбікормавы цэх даў сваю прадукцыю ў лютым бягучага года. Ад прыняцця рашэння аб яго будаўніцтве да ўводу ў эксплуатацыю прайшло два гады, — гаворыць Васіль Лявонцьевіч.

Новы камбікормавы цэх можа даваць за гадзіну пяць тон камбікармоў, а абслуоўвае яго ўсяго толькі два чалавекі. Тэхналагічная схема вытворчасці складаецца з васьмі бункераў, дзе назапашваецца зыходная сыравіна, а таксама лініі макрадазіравання для ўводу прэміксаў і дабавак. Узважванне і змешванне ўсіх кампанентаў адбываецца ў аўтаматычным рэжыме.

У камбікормавым цэху ўстаноўлена абсталяванне ААТ «Барысаўскі завод металічнага абсталявання». Гаспадарка набыла яго праз ААТ «Прамагралізінг» — з растэрміноўкай аплаты на сем гадоў. Будынак цэха ўзведзены сіламі работ-нікаў ААТ «Рамбуд» г. Пружаны.


— Вырабляем восем відаў камбікармоў і бялкова-энергетычны канцэнтрат, якія разлічаны на розныя групы жывёл, — кажа кіраўнік таварыства. — Для разліку рэцэптаў прыгатавання камбікармоў заатэхнічная служба выкарыстоўвае нямецкія праграмы.
Што датычыцца рацыёнаў, то іх мяняюць у гаспадарцы ў залежнасці ад каштоўнасці жывёл. Напрыклад, для высокапрадукцыйных кароў у склад камбікорму ўводзіцца звыш 40% кукурузы, 20% ячменю, 8% пшаніцы, а таксама соевы і рапсавы шрот (16% і 6% адпаведна), прэмікс, монакальцыйфасфат, аптыген, соль і прабіётык. Пры такім складзе ўдзельная вага расліннага бялку ўласнай вытворчасці перавышае 52%. Для менш прадукцыйных жывёл у рацыён дабаўляецца гарох, і доля такога бялку дасягае 65%. Як вядома, уласны бялковы кампанент у камбікармах вядзе да павышэння прадукцыйнасці жывёл і зніжэння сабекошту жывёлагадоўчай прадукцыі.

У мінулым годзе ў гаспадарцы атрымалі звыш 2,5 тысяч тон зерня кукурузы і 700 тон гароху, якія выкарыстоўваюцца ў якасці сыравіны для прыгатавання камбікармоў.
На перспектыву ў рэцэптуры камбікармоў гароху стане больш пасля яго экструдыравання. Гэта дасць магчымасць зменшыць закупку шротаў.

Сёлетні год у аграпрамысловым комплексе рэспублікі па ініцыятыве міністра сельскай гаспадаркі і харчавання аб’яўлены Годам бялку. У гэтым накірунку шмат зроблена ў ААТ «Велікасельскае Агра». Штогод са спецыялізаванымі арганізацыямі і навуковымі ўстановамі закладваецца некалькі доследна-дэманстрацыйных палёў. І ў сёлетнім годзе, працуючы разам з рэспубліканскім аб’яднаннем «Белнасенне», плануецца пасеяць шырокі спектр гатункаў зернебабовых культур айчыннай і замежнай селекцыі.
На здымках: будынак новага камбікормавага цэха ў Вялікім Сяле; В.В.Ходак сочыць за прыгатаваннем камбікорму з дапамогай камп’ютара; работнік цэха Д.Э.Ходак.
Мікола АРХУЦІК, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).