На працягу многіх гадоў прадукцыя ААТ «Аранчыцкая птушкафабрыка» карысталася попытам, пашыраючы кола сваіх кліентаў. На сённяшні дзень курыныя яйкі з Аранчыц разыходзяцца не толькі па Беларусі, але і па суседняй Расіі, ад Калінінграда да Масквы. Таму нядзіўна, што з 2011 года акцыянернае таварыства з’яўляецца пастаянным пераможцам шматлікіх конкурсаў рэспубліканскага ўзроўню. Гэта традыцыя захоўваецца і зараз: дыплом ІІ ступені рэспубліканскага конкурсу спажывецкіх пераваг «Прадукт года-2017», Гран-пры «Лідар спажывецкага рынку 2018» у намінацыі «Яйка курынае» за гандлёвую марку «Яйка вясковае», дыплом ІІ ступені пераможцы ХХ рэспубліканскага конкурсу спажывецкіх пераваг. Увесь сакрэт гэтых поспехаў заключаецца ў натуральнасці курыных яек з невялікай птушкафабрыкі, купляючы якія, спажыўцы ўпэўненыя, што атрымліваюць абсалютна чысты, без усялякіх хімічных дабавак прадукт.
Як адзначае галоўны ветэрынарны ўрач ААТ «Аранчыцкая птушкафабрыка» А.Г.Ляўчук, такія дасягненні ў многім сталі магчымымі, дзякуючы мэтанакіраванай палітыцы па павышэнні канкурэнтаздольнасці прадпрыемства як на ўнутраным, так і на замежным рынках. Напрыклад, з падачы Аляксандра Георгіевіча быў створаны забойны цэх, з якога на прылаўкі магазінаў стала паступаць новая прадукцыя — курыныя тушкі. Гэта дазволіла крыху павялічыць рэнтабельнасць вытворчасці і разнастаіць асартымент. Што, у сваю чаргу, дало дадатковую крыніцу атрымання выручкі.
— У перспектыве хочам наладзіць больш глыбокую перапрацоўку, пастаўляючы ў продаж паўфабрыкаты з мяса птушкі,— дзеліцца планамі галоўны ветурач акцыянернага таварыства.
Увогуле ў птушкафабрыкі, калі ажыццявіцца яшчэ адна задумка А.Г.Леўчука, ёсць рэальны шанец скласці істотную канкурэнцыю буйным вытворцам. Напрыклад, як лічыць Аляксандр Георгіевіч, нялішнім для прадпрыемства будзе арганізацыя больш глыбокай перапрацоўкі яечнай прадукцыі.
— На сучасным рынку спажыўцы ахвотна купляюць яечны парашок, меланж,— гаворыць Аляксандр Георгіевіч.— Такі прадукт мае шмат пераваг, пачынаючы ад працяглага тэрміну захоўвання без страты сваіх спажыўных якасцей і заканчваючы пашырэннем сферы прымянення, куды зараз уваходзіць нават такая галіна, як касметалогія.
Калі ж зазірнуць у далёкую будучыню, то, на думку галоўнага ветурача, птушкафабрыка мае магчымасці заняцца вырошчваннем перапёлак.
Для чаго ўкараняць такія змяненні прадпрыемству, прадукцыя якога і так карыстаецца попытам у пакупнікоў? Як зазначае А.Г.Ляўчук, неабходна імкнуцца да павышэння эканамічнага дабрабыту і не толькі самой арганізацыі, але і людзей, якія там працуюць. Гэта пытанне вельмі блізкае для Аляксандра Георгіевіча, які працяглы час з’яўляецца актыўным членам Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру». Ён пастаянна прымае ўдзел у дабрачынных акцыях, у тым ліку Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь», вырашае пытанні аздараўлення дзяцей работнікаў птушкафабрыкі, ушанавання перадавікоў і ветэранаў вытворчасці.
— Менавіта кадры — самы трывалы падмурак любога прадпрыемства, і наша птушкафабрыка ў гэтым не выключэнне,— падкрэслівае галоўны ветурач.
Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).