Вторник, 14 января 2025

О самогонных реках и пивных берегах

2 343

З пачатку бягучага года супрацоўнікамі міліцыі былі выяўлены амаль 700 фактаў распіцця спіртных, слабаалкагольных напояў і піва ў грамадскіх месцах, а таксама з’яўлення там у нецвярозым выглядзе. Многія па другому або трэцяму разу атрымлівалі адміністрацыйныя штрафы за такія паводзіны. Відавочна, што варта звяртаць увагу не толькі на гэтыя факты, але і на гандаль сурагатным зеллем, бо менавіта на падпольных кропках п’яніцы і купляюць «танны» алкаголь.

Бровар 2_измен.размер

Для барацьбы з незаконным самагонаварэннем і продажам разбаўленага спірту пружанскімі міліцыянерамі наладжаны кантакт з іншымі суб’ектамі прафілактыкі. Традыцыйна па некалькі разоў на месяц праводзяцца рэйды па выяўленні падобных «гандлёвых кропак».

Як расказвае начальнік аддзела прафілактыкі і аховы правапарадку П.У.Сандрыгайла, зараз многія з падпольных самагоншчыкаў перабраліся з горада ў сельскую мясцовасць. У райцэнтры кропкі былі ўзяты пад поўны кантроль, што прымусіла некаторых гандляроў адмовіцца ад такога віду заробкаў. А вось у сельскай мясцовасці кантроль ажыццяўляюць толькі ўчастковыя міліцыянеры. Таму ім у дапамогу праводзяцца масавыя «зачысткі», у якіх часта прымаюць удзел і супрацоўнікі Брэсцкага атрада міліцыі асаблівага прызначэння.

У адзін з такіх рэйдаў разам з міліцыянерамі паехалі і карэспандэнты.

Бровар 3_измен.размер

— У нашым раёне ёсць тры «гарачыя» зоны, — расказвае Павел Уладзіміравіч.— Першая атрымлівае пастаўкі з лясных бровараў, якія апошнім часам стала вельмі складана знішчаць з-за адсутнасці доступу на тэрыторыю Нацыянальнага парку, дзе парадак кантралюецца сваімі сіламі. У другой звычайна самагонныя апараты размешчаны ў хлявах на прысядзібных участках або у пакінутых дамах. «Рынак» трэцяй забяспечваецца прывазным зеллем са Свіслацкага раёна.

Наш суправаджаючы раскрыў і некаторыя сакрэты, як ладзіцца такая барацьба. Каб абследаваць пэўны ўчастак лесу, патрэбны вялікая колькасць людзей і тэхнікі. Таму супрацоўнікі міліцыі вывучаюць сляды на лясных дарогах, прыцягваюць увагу тыя сцяжынкі, дзе часта ходзіць цяжкая тэхніка — трактары або аўто з загружанымі прычэпамі. Але большасць рэйдаў плануюцца, зыходзячы з аператыўнай інфармацыі. Так міліцыянеры называюцьзвесткі, якія паступаюць ад грамадзян.

З аднаго боку, можна сказаць, што не вельмі прыгожа займацца даносамі, але з іншага, — ці можна нажывацца на слязах дамачадцаў, у якіх бацька траціць апошнія грошы, выносіць з хаты рэчы, каб абмяняць у падпольнага гандляра на бутэльку сівухі? Наўрад ці лясныя бровары ставяцца для таго, каб задаволіць толькі свае патрэбы. Як расказваюць міліцыянеры, некаторыя ўяўляюць сабой сапраўдныя заводы, якія могуць выпускаць штомесяц сотні літраў гатовага зелля.

Адзін з такіх апаратаў мыі знайшлі ў Кляпацкай зоне.

— Тут жыве нямала «кулібіных», якія збіраюць абсталяванне і рыхтуюць такія заводы, што можна семінары ладзіць для тэхнічных навукоўцаў,— зазначае П.У.Сандрыгайла.— Прычым такі бізнэс вельмі прыбытковы, таму на месцы разбуранага бровара з поўнасцю знішчаным абсталяваннем хутка з’яўляецца новы. Гэты мы таксама ў мінулым годзе «разбамбілі» ўшчэнт, а ён адноўлены.

У пацвярджэнне слоў нашага «гіда» наконт народнай кемлівасці на выездзе з лесу мы сустрэлі «УАЗ», за рулём якога знаходзіўся жыхар в.Клепачы. Да аўтамабіля быў прычэплены дзіўны агрэгат, які нагадваў апырсквальнік для сельгаскультур. Вось толькі змеявік збоку сведчыў аб іншым прызначэнні апарата.

«Бровар на колах» — так ахрысцілі гэтую канфіскаваную тэхніку супрацоўнікі міліцыі. Вельмі зручна: заехаў у лес з гатовай брагай, выгнаўсамагон і паехаў дахаты. І складана даказаць віну, бо трэба затрымаць  самагоншчыка менавіта падчас самога працэсу. Магчыма, з-за гэтага праз некалькі тыдняў агрэгат не быў прызнаны экспертамі самагонным апаратам і ўладальнік пазбег пакарання.

Падобны бізнэс будзе квітнець і далей, упэўнены супрацоўнікі міліцыі. Попыт на сурагаты ўстойлівы: затраты на іх вытворчасць невялікія, адпаведна і цэны ніжэйшыя за магазінны алкаголь. Але ж і якасць часта выклікае сумненне: рэгіструецца нямала выпадкаў атручвання сурагатным зеллем, здараюцца і трагедыі.

Так што застаецца толькі знішчаць і прымяняць карныя метады. Сёлета пружанскімі міліцыянерамі спынена 56 фактаў захоўвання, вырабу і рэалізацыі самагону і спірта-ўтрымліваючай вадкасці. На сённяшні дзень канфіскавана 196  літраў сурагату, 18,5 тоны самагоннай брагі, 7,5 літра фальсіфікаваных спіртных напояў. Знішчаны восем самагонных апаратаў.

Алег Сідарэнка

Фота з міліцэйскага архіву

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *