Суббота, 18 января 2025

О начале посевной поговорили с заместителем начальника управления по сельскому хозяйству и продовольствию

926

Сёлета веснавая пасяўная кампанія ў гаспадарках раёна
пачалася значна раней, чым у мінулым годзе. Практычна ўжо завершаны першы яе этап — сяўба ранніх яравых збожжавых і зернебабовых. Аб асаблівасцях сёлетняй пасяўной і далейшых задачах земляробаў гутарка карэспандэнта з першым намеснікам начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Т.А.Вараб’ёвай.


— Таццяна Анатольеўна, наколькі паспяхова прайшла зімоўка азімых культур у гаспадарках раёна?
— Мяккая зіма садзейнічала таму, што зімоўка азімых збожжавых і рапсу прайшла паспяхова і практычна без страт. Азімыя збожжавыя на зерне, а гэта 21057 гектараў, і азімы рапс на алейнае насенне на плошчы 5140 гектараў знаходзяцца ў здавальняючым стане. Іншая справа, што ў асобных гаспадарках некаторыя палеткі былі падвергнуты нашэсцю дзікіх жывёл.
— Якія задачы стаяць перад сельскімі працаўнікамі на перыяд веснавой пасяўной кампаніі сёлета?
— Сёлетняй вясной неабходна пасеяць яравыя культуры ў гаспадарках раёна на плошчы 39169 гектараў, у тым ліку збожжавыя і зернебабовыя неабходна размясціць на 10830 гектарах. Па стане на 4 красавіка раннія яравыя збожжавыя і зернебабовыя пасеяны на плошчы 10516 гектараў, што складае 97,1% да плана. Арганізавана і на высокім тэхналагічным узроўні прайшла сяўба гэтых культур у ААТ «Мурава», ААТ «Жураўлінае», ААТ «Агра-Калядзічы», ААТ «Ружаны-Агра».
— Таццяна Анатольеўна, сяўба ранніх яравых збожжавых і зернебабовых праходзіла ў нестабільных умовах надвор’я, а часцяком здараліся і начныя замаразкі. Ці не паў-плывае гэта на будучы ўраджай?
— Сапраўды, сёлетняя вясна выдалася ранняй, халоднай і зацяжной. Пры гэтым назіраўся дэфіцыт вільгаці ў верхніх слаях глебы. Але гэта не павінна стрымліваць веснавую сяўбу, а наадварот, у сувязі з дэфіцытам вільгаці неабходна было спяшацца. Што датычыцца ўсходаў, то для іх крытычных тэмператур пакуль не назіралася. У яравых культур яны пашкоджваюцца пры надглебавай тэмпературы мінус 6-8 градусаў. Тут больш небяспечныя замаразкі, якія ад-значаюцца ў нашай мясцовасці ў маі і чэрвені.
— Першы этап пасяўной практычна завершаны. Што неабходна яшчэ пасеяць на другім яе этапе?
— Неабходна пасеяць самую галоўную нашу кармавую культуру — кукурузу на плошчы 19030 гектараў, у тым ліку на зерне — 1630 гектараў. Цукровыя буракі будуць размешчаны на плошчы 1300 гектараў, а бульба — 465 гектараў. Неабходна працягваць сяўбу аднагадовых культур.
— Таццяна Анатольеўна, якія рэзервы існуюць для павышэння прадукцыйнасці збожжавага палетка і на які ўраджай можна разлічваць сёлета?
— Самае галоўнае — гэта захаванне тэхналогій вырошчвання культуры. У некаторых гаспадарках не хапае мінеральных угнаенняў, але яны павінны больш уносіць арганікі, каб кампенсаваць недахоп тукаў. Увогуле ў гэтай справе не можа быць дробязей. Калі не выконваецца нават адно звяно тэхналагічнага ланцужка, то канчатковы вынік бу-дзе не зусім добры.
А ўвогуле сёлета, калі паспрыяе надвор’е, плануем атрымаць каля 141 тысячы тон збожжа.
— А як вырашаецца ў нашым раёне бялковая праблема ў жывёлагадоўлі?
— Плануем пасеяць сёлетняй вясной у гаспадарках раёна люцэрну на плошчы 1350 гектараў, а таксама бабовыя і бабова-злакавыя сумесі на плошчы 3800 гектараў.
Гутарыў Мікола Архуцік