Пятница, 1 ноября 2024

О малонаселенных деревнях и порядке на земле. Корреспондент встретился с председателем Шеневского сельисполкома

828

Для Шаняўскога сельсавета характэрна вялікая колькасць малых населеных пунктаў. Так у шасці з іх пражывае да 10 жыхароў, а ў сямі — менш за 50 чалавек. Аб праблемах маланаселеных вёсак, і не толькі, гутарка карэспандэнта са старшынёй сельвыканкама С.І.Лапукам.

— Сяргей Іванавіч, Вы лічыце, што жыхары аддаленых малых вёсак не адчуваюць сябе адзінокімі?

— Ва ўсялякім разе, гэтыя вёскі заўсёды знаходзяцца ў полі нашага зроку. Работнікі сельвыканкама наведваюцца туды, гутараць з жыхарамі, каб даведацца пра іх патрэбы.

Два разы на тыдзень прыязджае ў  маланаселеныя вёскі аўталаўка, так што людзі могуць набыць і неабходныя прадукты харчавання, і гаспадарчыя тавары. Імкнемся падтрымліваць у належным стане  дарогі: у цёплы перыяд года праводзіцца грэйдзіраванне, а зімой — ачыстка ад снегу сіламі ДРБУ-140. Дарэчы, мінулай зімой  з гэтай нагоды асаблівых нараканняў з боку насельніцтва не было.

— А як на тэрыторыі сельсавета вырашаецца пытанне занятасці насельніцтва?

—Праводзіцца работа  згодна з Дэкрэтам №3 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Цяпер у нашай базе дадзеных знаходзіцца 22  непрацуючыя. З кожным з гэтых людзей праведзена індывідуальная гутарка, яны азнаёмлены са спісам вакансій. Але далей кожны павінен вырашаць сам, ці падыдзе яму якая-небудзь з іх.

—У раёне працягваецца месячнік па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на тэрыторыі населеных пунктаў. Што зроблена ў гэтым накірунку ў вас?

— Мы распрацавалі і зацвердзілі план мерапрыемсітваў па навядзенні парадку на тэрыторыі ўсіх населеных пунктаў сельсавета. Згодна з ім, кожны ўладальнік прысядзібнага ўчастка павінен навесці парадак на сваёй тэрыторыі. Гэта ж датычыцца арганізацый і ўстаноў. А месцы агульнага карыстання прывядзем у парадак разам.

Сёлета ўжо быў праведзены суботнік, наведзены парадак каля шматкватэрных дамоў у Шанях, а таксама на тэрыторыі, прылягаючай  да могілак. Праведзены рамонт участка дарогі са жвіравым пакрыццём на скрыжаванні завулкаў Ціхага і  Садовага ў Шанях.

Работнікі Гарадзечненскага лясніцтва прывялі ў парадак лясныя масівы, якія прылягаюць да дарог  і зон адпачынку. Выкананы работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі каля помнікаў і абеліскаў у аграгарадку Шані, вёсках Шакуны і Козі Брод, а таксама вайсковага пахавання ў вёсцы Гарадзечна.

Дарэчы, у 2016 годзе быў атрыманы дазвол на спілоўванне 24 аварыйных дрэў, шэсць з якіх  спілавалі летась, а 18 — сёлета.

— Сяргей Іванавіч, наколькі людзі падтрымліваюць ідэю  добраўпарадкавання населеных пунктаў, навядзення парадку на могілках уласнымі сіламі?

— Ведаеце, насельніцтва з разуменнем адгукаецца на нашы заклікі і прапановы. Напрыклад, жыхары аграгарадка Шані сабралі 460 рублёў на добраўпарадкаванне мясцовых могілак. Вядома, што сума не такая і вялікая, але пачнем работы па вырабе звёнаў агароджы.

Зусім нядаўна прайшоў суботнік па навядзенні парадку на могілках і прылягаючай тэрыторыі ў вёсцы Гарадзечна.

—Наколькі востра зараз стаіць праблема  пустуючых і  трухлявых дамоў?

— Па стане на 1 студзеня 2017 года на тэрыторыі сельсавета налічвалася 113 пустуючых дамоў, у дадзены момант у рэгістры ўліку пустуючых дамоў  іх 39.

За мінулы год па рашэнні суда шэсць дамоў прызнаны бязгаснымі і перададзены ва ўласнасць сельскага Савета. У першым квартале бягучага года знесена пяць дамоў, а адзін з іх у вёсцы Чахец пакінуты на продаж.

*

Калі рыхтаваліся да суботніка па навядзенні парадку на могілках вёскі Гарадзечна і прылеглай да іх тэрыторыі, заранёў на бачных месцах змясцілі аб’явы. Наводзіць парадак  сабраліся жыхары Гарадзечна, Харкоў і Сасноўкі. Прынялі ўдзел у важным мерапрыемстве прадстаўнікі лясніцтва на чале з ляснічым І.В.Янушкам, дзіцячага садка на чале з Г.У.Гадуйка. Ну, і вядома ж, не застаўся ў баку ад гэтай справы старшыня сельвыканкама С.І.Лапука.

А ў той дзень, калі карэспандэнты выехалі ў Гарадзечна, на свае вочы ўбачылі, што і  ў самой вёсцы наводзяць парадак. Людзі выграбалі смецце, сухую мінулагоднюю траву, высякалі зараснікі кустоўя. Усё гэта часткова спальвалася, а часткова вывозілася на смеццезвалку (на здымках).

Мікола АРХУЦІК,  Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *