Добрая традыцыя беларускага прафсаюзнага руху — акцыя «Прафсаюзы — дзецям», якая праводзіцца ўжо больш за 20 гадоў. Падарункі, віншаванні казачных герояў, навагоднія паказы і мноства прыемных сюрпрызаў — гэта толькі невялікая частка яе праграмы.
— Штогод напярэдадні Калядаў і Новага года пярвічка Пружанскай ЦРБ для дзяцей, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, рыхтуе спецыяльную навагоднюю праграму, салодкія падарункі, а таксама аказвае фінансавую дапамогу падшэфным дзіцячым установам, сацыяльным цэнтрам для інвалідаў, бальніцы сястрынскага догляду, —адзначыла старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Ірына Шэйка. — У гэтыя дні мы становімся амаль чараўнікамі і імкнёмся як мага больш ахапіць увагай і клопатам тых, каму так неабходна дапамога і падтрымка. Галоўнае — умацаваць іх веру ў тым, што ў жыцці заўсёды ёсць месца цудам.
16 снежня дадзены старт яшчэ адной не менш важнай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці», актыўны ўдзел у якой прымаюць не толькі прадпрыемствы і арганізацыі раёна, але і ўсе неабыякавыя людзі. Члены прафсаюза ЦРБ адны з першых далучыліся да ланцужка добрых спраў і ўжо наведалі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, а таксама сацыяльна-педагагічны цэнтр у пасёлку Сонечны.
— Наша дружная каманда пярвічкі падрыхтавала для дзетак музычную навагоднюю праграму з конкурсамі, загадкамі, карагодамі, а любімыя казачныя персанажы разам з Дзедам Марозам і Снягуркай задалі ўзнёслы настрой усяму святу. Нас заўсёды тут чакаюць з нецярпеннем, таму мы пастараліся апраўдаць дзіцячыя чаканні. Хочацца адзначыць, што ў ролі артыстаў выступалі доктары і медсёстры, за гэта ім вялікі дзякуй! Мы доўга рыхтаваліся да гэтай сустрэчы, куплялі салодкія падарункі, свежую выпечку і вельмі хваляваліся.
Вельмі важна, што ўвесь персанал бальніцы, не толькі члены прафсаюзнай арганізацыі, прыняў удзел у дабрачыннай акцыі. Для дзяцей у прытулку пасёлка Сонечны медыкі прывезлі разнастайныя прадметы асабістай гігіены, шапкі, рукавічкі, а таксама дыскі з дзіцячымі мультфільмамі.
Наперадзе ў нашых медыкаў вялікія планы. Яны ратуюць не толькі жыццё, але займаюцца і аздараўленнем душы, што мае не меншую каштоўнасць. З года ў год іх чакаюць у Сухопальскай бальніцы сястрынскага догляду, Шарашоўскай гарбальніцы, у цэнтры сацыяльнага абслугоўвання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў аг. Лыскава.
Ірына Велясевіч. Фота з архіва ЦРБ