Воскресенье, 6 октября 2024

«Няправільныя» пчолы і такі ж сваяк. Расказваем, з якімі пытаннямі жыхары Ліноўскага сельсавета прыйшлі на прыём да Юрыя Наркевіча, і што паказаў маніторынг цэн у аграгарадку

457

Пытанні, з якімі прыходзяць на прыём да члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыні Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Юрыя Наркевіча, розныя. На прыём 14 чэрвеня ў Ліноўскім сельвыканкаме запісалася два чалавекі, якіх хвалюе адна праблема – «няправільныя» суседскія пчолы, якія не даюць спакою.

Жыхар аграгарадка Шані Георгій Чэчка папрасіў Юрыя Наркевіча дапамагчы і паўплываць на суседа, які на сваім прысядзібным участку трымае шматлікія вуллі з вельмі злымі пчоламі

З падобнай праблемай звярнулася да Юрыя Іосіфавіча і жыхарка Пружан Іна Сёмуха. Яна прывозіць да бацькоў на канікулы сваіх дзяцей, для якіх з-за злых пчол канікулы пераўтвараюцца ў хатні арышт. Выйсці на вуліцу можна толькі ў позні час сутак. Тады ж ёсць і для гаспадароў магчымасць выканаць нейкія работы на прысядзібным участку. У іншы час на агародзе пануюць пчолы. Спрабавалі гутарыць з іх гаспадаром, але, па словах Іны Мікалаеўны, ён і чуць нічога не хоча, толькі лаецца.

Знайсці выйсце з гэтай сітуацыі можна толькі ўшчуваннем пчаляра, прапановай вывезці свой пчальнік на часовае месца, дзе растуць меданосы і дзе мала народу. Але ці пагодзіцца ён на гэта, невядома.

Таксама жанчыне патрабавалася парада, як законна паўздзейнічаць на сваяка. У спадчыну ад бабулі разам з домам дастаўся жанчыне і прапісаны там сваяк, які злоўжывае алкаголем, нідзе не працуе, па месцы прапіскі не пражывае, у той жа час не дазваляе пляменніцы рабіць рамонт хаты. Паводзіць сябе як той сабака на сене: «сам — не гам, але і іншаму не дам». Сітуацыя складаная. Але старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, які таксама прымаў удзел у прыёме, даў жанчыне слушную параду, якой тая і паспрабуе скарыстацца.

Жыхар вёскі Аранчыцы Уладзімір Феданчук прасіў аказаць садзейнічанне ў рашэнні пытання добраўпарадкавання дваравой тэрыторыі дома №16 па вуліцы 60 год Кастрычніка, а такасама грэйдзіравання пад’язной дарогі да гаражоў. Аператыўна звязаліся з дырэктарам Пружанскага КУВП «Камунальнік» Сяргеем Бабруком, які паабяцаў да канца чэрвеня выканаць ямачны рамонт дваровай тэрыторыі і грэйдзіраванне дарогі.

Пасля прыёму Юрый Наркевіч, Мікалай Кудравец, а таксама памочнік сенатара, старшыня раённага аб’яднання прафесійных саюзаў Таццяна Гаманчук і старшыня Ліноўскага сельвыканкама Таццяна Мардань наведалі гандлёвыя кропкі ў аг.Лінова: магазін «Родны кут», які належыць райспажыўтаварыству, і магазін «Хіт!», дзе азнаёміліся з асартыментам тавараў, цэнавай палітыкай, умовамі працы.

Мы папрасілі Юрыя Наркевіча даць характарыстыку праблемам, з якімі людзі звычайна прыходзяць на прыём.

— Пытанні, якія тычацца жыллёва-камунальнай гаспадаркі, даволі тыповыя амаль ва ўсіх населеных пунктах, а некаторыя носяць эксклюзіўны характар. Вось з такімі сёння і звярнуліся два заяўнікі. Мы пастараемся ім дапамагчы, — сказаў Юрый Іосіфавіч. — А наогул, усе пытанні, з якімі звяртаюцца людзі, не варта дзяліць на буйныя альбо дробныя, больш ці менш важныя. Калі чалавек звярнуўся да нас — для яго гэта надзённа, і трэба старацца аказаць дапамогу. Дарэчы, пра гэта гаварыў і Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка на семінары-нарадзе, што праходзіў на мінулым тыдні. Мерапрыемства вельмі важнае, накіраванае на работу чыноўніцкага апарату, якая павінна быць накіравана на рашэнне тых пытанняў, якія ўзнікаюць у людзей. У Мінску мы абмяняліся вопытам, даведаліся аб падыходах да работы ў дадзеным напрамку ў сталіцы, у іншых регіёнах. Няма мяжы дасканаласці, таму такога роду семінары вельмі карысныя.

Віктар Ільюшчанка, фота аўтара