Воскресенье, 13 октября 2024

Ну, бобер, погоди!

1 749

Рачны бабёр — самы буйны грызун, які сустракаецца ў нашай мясцовасці. Звяркі з’яўляюцца выключна раслінаяднымі, у рацыён іх уваходзіць больш за 80 відаў  травяністых і водных раслін. Любяць яны паласавацца карой і галінкамі таполі, асін і вярбы.

20160524_5379

На пачатку XX стагоддзя на тэрыторыі Еўропы бабёр знаходзіўся на мяжы поўнага знішчэння. Прынятыя ахоўныя меры дазволілі не толькі аднавіць папуляцыю гэтага каштоўнага пушнога звера, але і значна пашырыць арэал яго распаўсюджання.

У апошнія некалькі гадоў назіраецца сапраўднае нашэсце баброў. Прычым сустракаюцца яны не толькі ў меліярацыйных каналах, але нават і на тэрыторыі гарадоў. Пагаспадарылі звяркі на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць». Сляды іх дзейнасці можна было назіраць на рацэ Мухавец у межах горада Пружаны.

Па самых сціплых падліках, колькасць бабра ў Брэсцкай вобласці ў апошнія гады вагаецца ў межах 70 тысяч асобін, што перавышае аптымальную ў два разы.

Ды і што там казаць, бабра можна цяпер сустрэць практычна ў  кожным канале на тэрыторыі нашага раёна. Гаспадарнікі пачалі біцьтрывогу. І сапраўды, звяркі наносяць урон як сельскай гаспадарцы, так і лясной. Плаціны ўзнімаюць узровень вады і змяняюць гідралагічны рэжым тэрыторыі. У выніку назіраецца падтапленне пасеваў сельгаскультур і лясных угоддзяў. Некаторыя дрэвы, асабліва елка і сасна, гінуць.

Церпяць ад баброў і дарогі, якія праходзяць уздоўж меліярацыйных каналаў. Звяркі рыюць  норы, куды можа праваліцца нават аўтамабіль або трактар.

Дастаткова прывесці адзін яскравы прыклад. На канец мінулага года на меліярацыйных каналах у раёне налічвалася 117 бабровых плацін і была падтоплена і пераўвільготнена глеба на плошчы каля 1100 гектараў.

Зразумела, што настаў час прымаць кардынальныя і рашучыя меры па промыслу рачнога бабра.

Ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама ад кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў паступаюць пісьмы аб прыняцці падобных мер. І трэба адзначыць, што такая работа вядзецца. Вось толькі наколькі яна эфектыўная, гэта іншая справа.

У раёне створана і працуе камісія па пяпярэджанні знішчэння і пашкоджання паляўнічымі жывёламі сельскагаспадарчых і лясных культур. У лютым бягучага года прынята рашэнне райвыканкама «Аб дэлегаванні паўнамоцтваў па рэгуляванні распаўсюджанняколькасці бабра рачнога ў фондзе запасу паляўнічых угоддзяў Пружанскага раёна». Вызначаны і зацверджаны спіс асоб, якія ўпаўнаважаны ажыццяўляць здабычу і адлоў баброў.

Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах даў дазвол на здабычу і адлоў у перыяд з 5 студзеня па 31 сакавіка бягучага года 120 асобін баброў на меліярацыйных каналах нашага раёна.

Але, паводле паведамленняў адпаведных служб, за перыяд дазволу было здабыта толькі 15 баброў. Работа гэта будзе працягнута восенню.

Як аказваецца, упаляваць бабра не так проста. Звяркі вядуць актыўны лад жыцця толькі ноччу і ў прыцемках. Да таго ж для іх адлову патрабуюцца спецыяльныя пасткі.

Паўстае пытанне: а што рабіць з мясам бабра? У рэспубліцы няма спецыяльных цэхаў па яго перапрацоўцы.

Паколькі колькасць баброў у апошнія гады значна павялічылася, то яны часта наведваюцца ў населеныя пункты раёна. Звязана гэта таксама і з перасыханнем каналаў падчас засушлівага лета мінулага года. Апошні такі выпадак нядаўна адбыўся ў вёсцы Калядзічы.

Людзі не ведаюць, што рабіць з няпрошаным госцем. Узяць яго голымі рукамі немагчыма, але гэта і нельга рабіць, паколькі небяспечна для жыцця. Вось чаму ў раёне створана  камісія для арганізацыі і прыняцця мер па выдаленні (усыпленні, ліквідацыі) з тэрыторыі населенага пункта, садаводчага таварыства або дачнага кааператыву дзікай жывёлы. А звяртацца грамадзянам пры ўзнікненні падобных сітуацый неабходна перш за ўсё ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях.

На здымку: малады бабёр, які нядаўна завітаў на падворак у вёску Калядзічы.

 

Мікола Архуцік

Фота Сяргея  Талашкевіча

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *