Новыя Засімавічы і вёскай назваць цяжка, і горадам немагчыма. Што казаць, былы ваенны гарадок… Але як ні называй, ды хочацца, каб жыццё тут было камфортным, сапраўды набліжаным да гарадскога. Што трэба зрабіць для гэтага? Такое пытанне мы задалі мясцовым жыхарам.
Кацярына Бахцінава з сынам Мікітам:
—Я хоць і працую паляводам у Белавусаўшчыне, але пражываю з сынам у Новых Засімавічах. Тут добрая школа, якая нам вельмі падабаецца, але галоўнае – зручнасці, як у горадзе. Найперш гэта датычыць добраўпарадкаванага жылля ў шматкватэрных дамах. І самі жыльцы імкнуцца да таго, каб было чыста і прыгожа ў пад’ездах. Мы, напрыклад, прыбіраем там самі. Ну, а каб наша жыццё было яшчэ больш камфортным, не хапае толькі ўласнага жылля. Гэта тое, пра што марыць любы чалавек. Застаецца спадзявацца, што мая мара таксама збудзецца.
Ганна Клюка:
—Хацелася б, каб больш было магчымасцей для адпачынку і развіцця дзяцей. А то ў Новых Засімавічах — толькі школа мастацтваў. У Лядовы і Водны палацы мы ездзім ў райцэнтр, а ў нас ніякіх спартыўных збудаванняў няма. А яшчэ тут вельмі не хапае цырульні. Дарэчы, мне здаецца, вось дзе прастора для рэалізацыі сваіх магчымасцей індывідуальным прадпрымальнікам.
Вольга Касюк:
—Праблему з якасцю пітной вады ў нашым населеным пункце, здаецца, вырашылі. Хаця хочацца, каб яна была яшчэ чысцейшай… А так – дарогі нармальныя, магазіны працуюць, усё можна купіць, не выязджаючы адсюль.
Віталь Стажынскі:
—У нас з’явілася вельмі добрая дзіцячая пляцоўка. Адметнасцю вёскі з’яўляецца верталёт, устаноўлены на пастаменце. Цяпер гэта любімыя месцы для гульні дзяцей. Наогул, у нас усё цудоўна: чысціня і парадак наўкола. Пабачце: дождж ідзе, а работнікі вуліцы мятуць, лісце прыбіраюць.
Валерыя Масайла:
—А мне і так тут падабаецца: ціха і прыгожа. Я займаюся музыкай, вучуся ў школе, наведваю царкву. Увесь вольны час заняты карыснай справай, не да забаў…
Ала Фёдараўна Плітко:
—Хацелася б, каб раніцай на вуліцы святло гарэла, як і ўвечары. Праўда, нам паведамілі, што хутка гэта пытанне вырашыцца. А ўвогуле, аўтобусы ходзяць добра, дабрацца да Пружан можна лёгка – праблем няма.
Падрыхтавала Галіна Каляда