Дзякуючы падтрымцы дзяржавы, якая прапануе набыць камунальныя аб’екты па пачатковым кошце, роўным адной базавай велічыні, пачалося другое жыццё многіх будынкаў. У мінулую пятніцу знаёмству з такімі аб’ектамі і было прысвечана выязное пасяджэнне прэзідыума Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, якое прайшло на Пружаншчыне.
Удзельнікамі семінара сталі члены прэзідыума Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, а таксама старшыні гарадскіх і раённых Саветаў дэпутатаў. Сімвалічна, што пачалося мерапрыемства каля знакавага для кожнага пружанца месца — помніка «Спаленым вёскам». Тут дэпутаты ўшанавалі памяць ахвяр вайны і спаленых вёсак, усклалі кветкі да манумента.
Далей прыступілі да актыўнай работы па тэме выязнога пасяджэння — «Аб стане работы па кантролі за выкананнем умоў продажу аб’ектаў невыкарыстоўваемай маёмасці камунальнай уласнасці, рэалізаваных на таргах з пачатковым коштам, роўным адной базавай велічыні».
Першым аб’ектам для наведвання стаў шматкватэрны жылы дом з убудавана-прыбудаванымі памяшканнямі гандлю і адміністрацыйнымі памяшканнямі на вуліцы Заводскай у Пружанах, які атрымаў прыгожую назву «Пружаны Сіці». На аўкцыёне ў 2017 годзе будынак набыло прыватнае прадпрыемства «ШэрманТры». Умовамі для продажу стала перапрафіляванне аб’екта ў жылы дом, а таксама завяршэнне рэканструкцыі аб’екта і ўвод яго ў эксплуатацыю.
Удзельнікі мерапрыемства ацанілі маштаб праведзеных работ, адзначылі добрае месцазнаходжанне аб’екта і зручнасць у плане наяўнасці магазінаў на першым і цокальным паверхах.
Наступнай кропкай стала наведванне будынку былой сталовай завода радыёдэталяў, дзе цяпер месціцца «Рытуал Сэрвіс». Муж і жонка, індывідуальныя прадпрымальнікі, павінны былі стварыць тут па тры працоўныя месцы і захаваць ужо існуючыя на працягу ўсяго перыяду карыстання аб’ектам. Умовы былі выкананы, і летась райвыканкам без правядзення таргоў па рыначным кошце прадаў гэты аб’ект Ірыне і Дзмітрыю Бондарам.
Цяпер тут, як адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Святлана Ханавец, аказваюць увесь комплекс рытуальных паслуг — ад арганізацыі развітання з памерлым у спецыяльна створанай зале да вырабу і ўстаноўкі помніка. Індывідуальныя прадпрымальнікі правялі ўладкаванне тэрыторыі. У планах — увядзенне магчымасці праводзіць на базе будынка памінальныя вячэры.
Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Юрый Наркевіч, падводзячы вынік, адзначыў, што маёмасць запатрабавана, пажадаў рэалізаваць задуманыя планы.
Наступным аб’ектам было ТАА «Нятканы свет». Старэйшыя жыхары Пружан яшчэ памятаюць, што раней тут размяшчаліся цэхі завода радыёдэталяў. Але з 2009-га «нятканка» добра замацавалася на гэтым месцы. Тады была дамова аб бязвыплатным карыстанні, а ў 2018-м пачалася рэалізацыя трохгадовага інвестпраекта, у выніку якога інвестар павінен быў стварыць не менш за 15 новых працоўных месцаў.
Падчас знаёмства з прадпрыемствам яго дырэктар Алег Гіль расказаў, што сёння тут працуе 112 чалавек (напачатку было 46). «Нятканы свет» зараз — адзін з пастаўшчыкоў для такіх вядомых брэндаў як «Аскона» і «Арматэк». Валокны для прадукцыі закупляюць у Шры-Ланцы, Індыі, В’етнаме. Актыўней за ўсё зараз працуюць з Расіяй, вытрымліваючы даволі вялікую канкурэнцыю на рынку. Вырабляюць тэрмавойлак, медыцынскія маскі, рэспіратары і многае іншае.
Удзельнікі выязнога пасяджэння на чале з Юрыем Наркевічам з цікавасцю агледзелі вытворчасць, пажадалі таварыству далейшага развіцця і пашырэння вытворчай лінейкі.
На Ружаншчыне ўдзельнікі выязной нарады наведалі аграсядзібу «Залаты фазан», з’яўленне і развіццё якой таксама пачалося з аўкцыёна па продажы аб’ектаў за 1 базавую велічыню. Потым, падчас пленарнага пасяджэння, якое прайшло ў адміністрацыйным будынку ААТ «Ружаны-Агра», пры падвядзенні вынікаў Юрый Наркевіч адзначыў добрыя ўражанні, якія засталіся ад убачанага.
Усяго па вобласці з пачатку дзеяння такой методыкі продажу неэксплуатуемай нерухомасці, як паведаміла намеснік старшыні камітэта «Брэстаблмаёмасць» Надзея Стральцова, было рэалізавана больш за 650 аб’ектаў. Гэта дало магчымасць адкрыць карысныя вытворчасці і ўстановы сэрвісу, стварыць 750 новых працоўных месцаў. Аднак прыкладна чвэрць падобных здзелак стала праблемнай, з-за чаго давялося скасоўваць дамоўленасці і ў судовым парадку спаганяць штрафы і няўстойкі.
Як паведаміла намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Святлана Ханавец, у нашым рэгіёне з рэалізаваных за 1 базавую велічыню пад назіраннем кантралюючых органаў застаюцца 29 аб’ектаў. Па словах Святланы Мікалаеўны, ужо ў бягучым годзе з кантролю было знята пяць будынкаў. І прыклады, якія могуць быць пацвярджэннем таму, удзельнікі выязной нарады маглі б пабачыць у Папялёва, Слабудцы, Новых Засімавічах, Гарадзечна.
Магчыма, праз некалькі гадоў менавіта гэтыя населеныя пункты складуць маршрут наступнага выязнога пасяджэння.
А на гэты раз дэпутаты змаглі пераканацца, што работа па ўцягванні ў выкарыстанне камунальнай маёмасці ў нашым раёне вядзецца на рэгулярнай і сістэматычнай аснове. Ну а створаныя на базе такіх аб’ектаў установы могуць прыносіць карысць эканоміцы Пружаншчыны, станавіцца турыстычнымі аб’ектамі і не толькі.
Уладзіслаў Шпарла, Алег Сідарэнка. Фота Уладзіслава Шпарлы, Аксаны Юркоўскай
Фотаальбомы тут: https://vk.com/album-23306785_295209405 і https://ok.ru/budni/album/965405012104