На нядаўнім Міжнародным турніры па плаванні, які праходзіў у Брэсце, некалькі разоў узыходзілі на п’едэстал зорныя вучні пружанскіх трэнераў па плаванні Вольгі Клімук і Сяргея Каляды.
Арцемій Мацаюк двойчы замкнуў тройку лідараў — на дыстанцыях 50 і 100 метраў на спіне. Кірыл Клімук таксама двойчы стаў сярэбраным прызёрам, крыху саступіўшы пераможцам на дыстанцыях 50 і 100 метраў брасам.

Вікторыя Шут заняла другое месца на пяцідзесяцімятроўцы на спіне. Ксенія Шчыпанава стала другой на дыстанцыі 50 метраў вольным стылем і першай — у той жа дысцыпліне на стомятроўцы. Падобнага поспеху на дыстанцыях 50 і 100 метраў вольным стылем дабіўся Яўген Бойка. Таксама ён стаў лепшым на тых жа дыстанцыях на спіне.
Акрамя таго, Арыядна Варыцкая выканала нарматыў 3-га спартыўнага разраду, а Захар Пстыга — 2-га спартыўнага разраду.
Юныя пружанскія плыўцы вылучыліся і на трэцім этапе Дзіцячай лігі плавання, які праходзіў 12-13 сакавіка ў Мінску.
Арыядна Варыцкая стала лепшай на стомятроўцы батэрфляем і фінішавала другой у гэтай жа дысцыпліне на пяцідзесяцімятроўцы. Дзяўчынка замкнула тройку прызёраў у мнагабор’і.
Ажно пяць узнагарод атрымала Вікторыя Шут, якая стала сярэбраным прызёрам на дыстанцыях 50 і 100 м батэрфляем, 50 м на спіне, а таксама бронзавым прызёрам на стомятроўцы на спіне. Як вынік – другое месца ў мнагабор’і.
Назар Камінскі стаў другім на 100 м на спіне і 50 м вольным стылем, трэцім – на 50 м на спіне. Цімур Дакімовіч заняў трэцяе месца на стомятроўцы брасам.

Адметна, што падчас спаборніцтваў пружанскім спартсменам пашчасціла ўзяць аўтограф у чэмпіёна і рэкардсмена свету, фіналіста Алімпійскіх гульняў – 2020 Ільі Шымановіча, які пажадаў дзецям новых перамог.
Алена Зялевіч. Фота Сяргея Каляды