Напярэдадні Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі традыцыйна ўжо шмат дзесяцігоддзяў прынята дарыць падарункі.
Не, не цукеркі, не цацкі, не сукенкі: падарункі дзяржавы сваім грамадзянам — новыя дамы, бальніцы, школы, дзіцячыя садкі, сучасныя вытворчасці… Словам, усё тое, што зроблена пад знакам дабра, клопату, што пацвярджае сацыяльную накіраванасць нашага грамадства.

На Пружаншчыне сёлета ў якасці падарунка «ўручылі» юным жыхарам мікрараёна вуліц 8 Сакавіка — Майская спартыўную пляцоўку, пабудаваную пры дапамозе «Белтэлекама». А ўсім жыхарам раёна — дзве новыя машыны хуткай медыцынскай дапамогі. Вы скажаце, што атрымалі іх медыкі Пружанскай станцыі хуткай дапамогі і Шарашоўскай гарбальніцы? Так, але ж наяўнасць сучаснага медыцынскага транспарту станоўча адаб‘ецца на якасці медыцынскай дапамогі ўсім нам.

Да катэгорыі «агульных» адносяцца і падарункі, якія на мінулым тыдні ў рамках праекта Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь атрымалі ў Брэсце Пружанскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і Шарашоўскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў: спецаўтамабілі. Сучасныя расійскія мінівэны Lada Granta Kub на ААТ «Брэстмаш» абсталявалі пад айчынны стандарт сацыяльнага транспарту. Аўто маюць пад‘ёмную апарэль са спецыяльным фіксуючым прыстасаваннем і электрычнай лябёдкай грузападымальнасцю да 700 кг для пад‘ёму інваліднай каляскі.

Усяго прадстаўнікам цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва вобласці было перададзена шэсць аўто. Пры ўручэнні ім ключоў ад аўтамабіляў намеснік старшыні аблвыканкама Вадзім Краўчук падзякаваў за клопат пра людзей, прафесіяналізм і выказаў упэўненасць, што новая тэхніка дазволіць яшчэ больш якасна выконваць задачы, што стаяць перад сацыяльнымі службамі.
Ірына Сядова. Фота з адкрытых крыніц