Воскресенье, 12 января 2025

Новыя ўнікальныя кнігі, паштоўкі і відэафільмы да юбілею Пружан прэзентавалі ў палацыку (+фота і відэа)

300

Зрабіць горад больш яркім, прывабным для турыстаў. Пра гэта ішла размова падчас прэзентацыі кніг, выдадзеных да 590-годдзя Пружан, а таксама відэаролікаў, прысвечаных юбілею, якая адбылася ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» напрыканцы мінулага тыдня.

Падрыхтоўка да маштабнага свята горада ўключае ў сябе не толькі ўпрыгажэнне і добраўпарадкаванне вуліц, з‘яўленне шэрага новых арт-аб‘ектаў, прадумванне праграмы святкавання. Як адзначыў Аляксей Яротаў — старшыня Беларускага геаграфічнага таварыства, якое стала адным з галоўных арганізатараў мерапрыемства, — ставіцца задача зрабіць Пружаны прыцягальнымі ў турыстычным плане. Камандная работа геаграфічнага таварыства, яго папячыцельскага савета і аддзела культуры Пружанскага райвыканкама дала плён: на свет з‘явіліся кнігі «Пружанская кулінарыя» і «Пружанскі край на старажытных картах», набор унікальных паштовак «Архітэктурная спадчына Пружаншчыны», а таксама відэафільмы.

Да прысутных звярнуўся старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч.

— Сёння знамянальны дзень у гісторыі нашага горада і раёна. Вельмі прыемна, што існуюць людзі, якія перажываюць за сваю малую радзіму, імкнуцца зрабіць яе прывабнай і прыгожай, захаваць гістарычную спадчыну, — сказаў Міхаіл Міхайлавіч. — Ад сябе асабіста і ўсёй выканаўчай улады выказваю ўдзячнасць тым, хто не пашкадаваў ні часу, ні намаганняў для стварэння гэтых кніг. Лічу, што яны павінны ўвайсці ў гісторыю нашага раёна і захоўвацца ў хатніх бібліятэках, каб перадаць дзецям веды пра мінулае, пра людзей, якія жылі і стваралі на нашай зямлі. Гэта вельмі важна, бо выхаванне наступных пакаленняў павінна грунтавацца на гістарычных фактах.

Кіраўнік раёна ўручыў прадстаўнікам Беларускага геаграфічнага таварыства Падзячныя пісьмы райвыканкама — за важкі ўклад у развіццё і добраўпарадкаванне, захаванне і папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны раёна, актыўны ўдзел у падрыхтоўцы свята, прысвечанага 590-годдзю г. Пружаны, папулярызацыю культурнай спадчыны, падрыхтоўку навукова-папулярных фільмаў па гісторыі Пружанскага раёна. Таксама былі ўручаны сувеніры, зробленыя пружанскімі майстрамі-керамістамі, якія працягваюць старажытныя традыцыі мясцовых ганчароў.

Было расказана і пра некаторыя моманты святкавання, якія чакаюць пружанцаў і гасцей горада ўжо ў суботу, і пра сам працэс падрыхтоўкі. Заўсёды падчас глыбейшага вывучэння гісторыі і культуры пэўных мясцін выплываюць нечаканыя і вельмі цікавыя моманты. На гэты раз такім момантам стала традыцыйная на Пружаншчыне тэхніка роспісу па шкле, адроджаная народным майстрам Марыяй Кулецкай. У выніку чаго ў дадатак да кніг вырашана было падрыхтаваць набор паштовак з аўтэнтычнымі выявамі.

Старшыня Беларускага геаграфічнага таварыства Аляксей Яротаў больш падрабязна расказаў пра выданне кнігі «Пружанскі край на старажытных картах». У яе ўвайшлі амаль тры дзясяткі карт, у тым ліку ўдалося знайсці чатыры планы горада, якія раней нідзе не фігуравалі. Першая з карт датавана 1594 годам, апошняя — 1834-м.

Што тычыцца кнігі «Пружанская кулінарыя», то кіраваліся жаданнем не проста захаваць рэцэпты нашых бабуль: у рэшце рэшт пружанская кухня падобная на тую, што ёсць у суседніх раёнах. Галоўным чынам імкнуліся падштурхнуць тых, хто зоймецца пытаннямі харчавання патэнцыяльных турыстаў, звярнуць увагу на мясцовы каларыт, стварыць свой гастранамічны кластар.

Цікава было даведацца пра тое, як узнікла ідэя муралаў — карцін на сценах дамоў, якія, напэўна, заўважылі ўсе. Яны сапраўды зрабілі горад больш яркім. І калі выява прыгожай дзяўчыны — гэта заўсёды цудоўна, карта гарадскіх славутасцей адначасова дадасць зручнасці турыстам, выява былой Прачысценскай царквы акуне ў гісторыю горада, то мурал з каровай на аўтамабілі мае адсылкі адразу да некалькіх момантаў. Напрыклад, карова — сімвал таго, што раён не проста сельскагаспадарчы, але і перадавы па надоях малака на ўзроўні рэспублікі. Аўтамабіль «Альфа-Рамэа» — адсылка да герба Пружан, бо на лагатыпе аўтамабільнай кампаніі таксама выява змяі з дзіцём у пашчы. І, нарэшце, аўтамабільны нумар «1433 PR-1» сімвалізуе дату ўтварэння Пружан.

Каб патлумачыць, чаму геаграфічнаму таварыству цікава было займацца падрыхтоўкай святкавання 590-годдзя Пружан, Аляксей Яўгенавіч падкрэсліў, што нейкім цудам вялікі пласт падзей у гісторыі нашай радзімы ва ўсе часы пачынаўся менавіта на тэрыторыі Пружаншчыны. Таму наш раён становіцца своеасаблівым сімвалам, квінтэсэнцыяй усіх эпох.

У рамках прэзентацыі быў паказаны відэафільм аб падзеях 1863 года, калі атрад паўстанцаў пад камандаваннем Рамана Рагінскага захапіў Пружаны.

Сваімі ўражаннямі аб сумеснай рабоце падзяліліся галоўны спецыяліст аддзела культуры райвыканкама Наталля Пракаповіч, метадыст раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Вольга Зінкевіч, мастачка, народны майстар Рэспублікі Беларусь Марыя Кулецкая.

Метадыст раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Ірына Гадуйка больш падрабязна спынілася на тым, як работнікам культуры і РЦКС удалося сабраць аўтэнтычныя рэцэпты, падрыхтаваць кулінарную кнігу. Рэцэпты сабралі за рэкордна кароткія тэрміны, а потым за адзін дзень усе 76 страў, якія ўвайшлі ў кнігу, былі прыгатаваны і сфатаграфаваны.

Аляксей Яротаў звярнуўся са словамі ўдзячнасці да кіраўніцтва раёна, а таксама ўручыў Граматы Беларускага геаграфічнага таварыства начальніку аддзела культуры райвыканкама Канстанціну Панімашу, Наталлі Пракаповіч, Вользе Зінкевіч, Ірыне Гадуйка.

Перад прысутнымі з запальнымі народнымі песнямі і прыпеўкамі выступаў гурт «Смаляначка» Навасёлкаўскага Дома культуры. Дарэчы, была магчымасць пакаштаваць шэраг страў, якія ўвайшлі ў кулінарную кнігу: удзельнікі гурта прадставілі сваю мясцовую кухню. Варта сказаць, што «бацваны» — від печыва — у прыгатаванні Людмілы Яроцкай здзівілі і смакам, і рэцэптурай.

Ірына Сядова. Фота аўтара