Напрыканцы мінулага тыдня раённая арганізацыя ГА «Беларускі фонд міру» праводзіла справаздачна-выбарчую канференцыю.
Як заўсёды на такога роду мерапрыемствах спачатку праводзяцца ўстаноўленыя пратаколам арганізацыйныя моманты. Але цікавяць не яны, а справаздача лідара, ацэнка работы аб‘яднання і інтрыга: каму давераць несці даволі значную, але такую пачэсную грамадскую нагрузку. Сам узначальваў міратворцаў Кармяншчыны ў Гомельскай вобласці, таму ведаю, што гэта нялёгка і адказна. А яшчэ цікава: каго ж узнагародзяць, хто самы актыўны і дзейсны міратворац?
Старшыня Пружанскай раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру» Мікалай Кудравец паведаміў, што ўдзел у канферэнцыі прымае старшыня праўлення Брэсцкага абласнога аддзялення «Беларускага фонду міру» Лідзія Раманюк.
На суд членаў аб‘яднання Мікалай Кудравец прадаставіў справаздачу праўлення аб рабоце за апошнія пяць гадоў і акрэсліў задачы актыву па ўдасканаленні работы на перспектыву.
У сваёй справаздачы Мікалай Пятровіч падрабязна спыніўся на вялікай рабоце па падтрымцы таленавітай моладзі, аказанні матэрыяльнай дапамогі найбольш неабароненай частцы насельніцтва, шэфству над ветэранамі вайны і працы, удзелу ў іншых дабрачынных мерапрыемствах. Іменна апошнія дазваляюць вырашаць глабальныя дзяржаўныя задачы, звязаныя з сацыяльнай абаронай непрацаздольных і малазабяспечаных сем‘яў і грамадзян.
«Трэба памятаць, што дабрачыннасць — гэта, у першую чаргу, культура саміх людзей, а не сабраныя імі грошы. Не так важна, колькі вы аддалі на добрыя справы, важней тое, што вы ўнутрана разумееце неабходнасць гэтай справы», — зазначыў Мікалай Пятровіч.
Далей дакладчык зрабіў справаздачу добрых спраў за кожны год дзейнасці арганізацыі. Ён падкрэсліў, што колькасць членаў арганізацыі значна падрасла: са 146 у 2019 годзе, да 170 — у 2022-м. А наперадзе яшчэ мноства работы і задумак. Першае, што павінны зрабіць, — гэта прапрацаваць пытанне аб адкрыцці «школы міру» ў рамках рэалізацыі праекта «Сетка школ міру» ў Рэспубліцы Беларусь. Таксама ў бліжэйшай перспектыве рэалізуюць праект «У страі
заўсёды, у памяці навечна».
Затым з дакладам аб рабоце кантрольна-рэвізійнага органа раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру» за справаздачны перыяд выступіла Вольга Зубкова.
Пры абмеркаванні дзвюх справаздач выступілі намеснік дырэктара ДУ «Пружанскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» Алена Бартасевіч і старшая медсястра Брэсцкай абласной псіхіятрычнай бальніцы «Магілёўцы» Таццяна Анісеня. Выступоўцы прапанавалі прызнаць работу раённай арганізацыі здавальняючай.
Затым прайшла працэдура адкрытага галасавання за членаў праўлення, кандыдатуры, якіх прадставіла Ірына Грышкевіч. Быў таксама абраны кантрольна-рэвізійны орган праўлення і дэлегаты на VII абласную справаздачна-выбарчую канферэнцыю Брэсцкага абласнога аддзялення «Беларускага фонду міру». Кандыдатуры апошніх прапанавала намеснік старшыні раённай арганізацыі Таццяна Гаманчук.
Руслан Супрыновіч агучыў зварот да працоўных калектываў і жыхароў раёна «За мір і згоду ў кожным доме, у кожнай сям’і, у беларускім грамадстве, у кожнай краіне».
Шчырым і вельмі пранікнёным было выступленне Лідзіі Раманюк. У ім Лідзія Мікалаеўна зрабіла акцэнт на той ролі, якую адыгрывае «Беларускі фонд міру» ў добрых справах. Яна ўручыла граматы дырэктару санаторыя «Ружанскі» Уладзіміру Карпечкіну, старшай медсястры Брэсцкай абласной псіхіятрычнай бальніцы «Магілёўцы» Таццяне Анісені. Ганаровай граматай таксама быў узнагароджаны старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру» Мікалай Кудравец.
Затым надышла чарга выбараў новага старшыні раённай арганізацыі «Беларускага фонду міру». Мікалай Кудравец выступіў з прапановай абраць на гэтую міратворчую пасаду намесніка старшыні райвыканкама Руслана Супрыновіча. Члены праўлення аднагалосна падтрымалі яго кандыдатуру. Віншуем, Руслан Васільевіч!
Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік