З 22 верасня афіцыйна новым начальнікам раённага аддзела Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў быў назначаны маёр міліцыі Сяргей Ільяшэвіч. Ва ўрачыстым прадстаўленні калектыву райаддзела новага кіраўніка, што адбылося на гэтым тыдні, прынялі ўдзел начальнік Брэсцкага ўпраўлення палкоўнік міліцыі Андрэй Азарэвіч і намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч.
Абласны кіраўнік падчас сустрэчы адзначыў згуртаванасць пружанскага калектыву і выказаў спадзяванне, што падобнае яднанне захаваецца і ў будучым. Тым больш што дагэтуль, калі райаддзел аховы ўзначальваў падпалкоўнік міліцыі Алег Акуневіч, былі дасягнуты станоўчыя вынікі. Толькі з пачатку бягучага года супрацоўнікамі здзейснена больш за 600 трывожных выездаў на месцы здарэнняў. Складзена звыш 100 адміністрацыйных пратаколаў, раскрыты чатыры крымінальныя справы. Нярэдка калектыў выстаўляе і спартыўныя каманды на ўдзел у абласных галіновых спаборніцтвах. У тым ліку і сёлета прывезлі два прызавыя месцы.
Са свайго боку намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч зазначыў, што для Сяргея Віктаравіча не павінна выклікаць цяжкасцяў падобная адказнасць. Тым больш што ён прайшоў усе службовыя прыступкі менавіта ў пружанскім аддзеле, пад кіраўніцтвам старэйшых вопытных настаўнікаў. Родам з Пружаншчыны, ён адразу планаваў пайсці служыць у праваахоўныя структуры. Таму ў 1998 годзе прыйшоў у аддзел аховы на пасаду міліцыянера ў званні радавога. За мінулы час Сяргей Віктаравіч прайшоў кар’ерную лесвіцу, паралельна «рос» і ў званні. Апошнія гады выконваў абавязкі памочніка начальніка аддзела. Жанаты, мае двух дзяцей.
Безумоўна, Сяргей Ільяшэвіч выдатна знаёмы са службай, яе асаблівасцямі і ўмовамі. А значыць, варта чакаць, што раённы аддзел аховы і надалей будзе ў ліку лідараў сярод абласных падраздзяленняў.
Алег Сідарэнка. Фота аўтара