У верасні калектыў музея «Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў» узначаліў новы кіраўнік. Дырэктарскую пасаду заняла Крысціна Глушко.
Крысціна Генадзьеўна — ураджэнка Пружан. Скончыла СШ №5. Спецыяльнасць «Турызм і гасціннасць» атрымала ў Гродзенскім універсітэце імя Я.Купалы. Працоўную дзейнасць пачынала экскурсаводам у ДПУ «Нацыянальны парк «Белавежская пушча», некаторы час з’яўлялася старшым навуковым супрацоўнікам у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык». У Ружанах спецыяліст па турызме працуе каля двух гадоў.
Гаворачы пра апошнія паказчыкі дзейнасці калектыву музея, Крысціна Глушко зазначае: «Колькасць турыстаў з пачатку года вырасла ў параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам: за дзевяць месяцаў у нас пабывала больш за 13 тысяч наведвальнікаў, за леташні перыяд гэтая лічба крыху не дасягнула 10,5 тысячы чалавек». Адметна, што расце і колькасць замежных турыстаў: толькі згодна з афіцыйнымі лічбамі, з комплексам Сапегаў пазнаёмілася амаль на тысячу больш іншаземцаў. Адпаведна вырасла і колькасць праведзеных у музеі экскурсій — з 536 да 635.
Паводле слоў Крысціны Глушко, сёння супрацоўнікі музея ў Ружанах заняты пошукамі новых формаў работы, разлічаных на розныя ўзроставыя катэгорыі наведвальнікаў. На мінулым тыдні, напрыклад, тэставую апрабацыю прайшла гульня-квэст для дарослых «Скарбы Сапегаў»: супрацоўнікі музея і пенсіянеры памераліся аб’ёмам ведаў па гісторыі знакамітага магнацкага роду. Крыху раней школьнікі прынялі ўдзел у дзіцячай версіі квэсту. Акрамя таго, сёлета тут прайшлі прагляды кінастужак, музыкальныя вечары. Разам з тым у маладых людзей па-ранейшаму карыстаецца папулярнасцю тэатралізаваная рэгістрацыя шлюбу.
А зусім нядаўна — у жніўні — запрацаваў новы сайт «Ружанскага палацавага комплексу роду Сапегаў» — rozana.by. Ён быў створаны ў ходзе рэалізацыі ініцыятывы «Павышэнне турыстычнага патэнцыялу пасёлка Ружаны» ў рамках праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН/ПРААН. Дарэчы, дзякуючы абноўленаму сайту, атрымаць комплекс паслуг у Ружанах турысту стала прасцей: цяпер кожны жадаючы можа забраніраваць экскурсію анлайн.
Марына Вакульская,
фота Сяргея Талашкевіча