Суббота, 19 апреля 2025

Новые технологии — новые опасности. Рассказываем, как не дать себя обмануть пользователям М-банкинга

6 001

Сёння знайсці чалавека, які не мае мабільнага тэлефона, напэўна, немагчыма. Развіццё цывілізацыі вядзе да таго, што з дапамогай сотавага можна ўжо не толькі сазваніцца з сябрамі або сваякамі, зрабіць фотаздымкі ці праслухаць музыку… Мабільныя апараты паступова пераўтвараюцца ў віртуальныя кашалькі.

З цягам часу з’яўляецца ўсё больш праграм, з дапамогай якіх можна разлічвацца праз электронныя гаджэты. Сёння так званы мабільны банкінг дазваляе рабіць пакупкі ў многіх магазінах, за праезд у грамадскім транспарце ў Брэсце таксама можна заплаціць праз
смартфон. Аплаціць аб’яву ў газеце, унесці камунальныя плацяжы або папоўніць свой рахунак — гэта і многае іншае здзяйсняецца простым націсканнем кнопак. І, як сцвярджаюць прадстаўнікі арганізацый, што прапануюць такія паслугі, падобныя аперацыі ажыццяўляюцца за вельмі кароткі час. З-за гэтага, дарэчы, і стала ахвярай махляроў дачка адной з нашых чытачак.

Як расказала жыхарка горада, гісторыя з дзяўчынай здарылася на адной з вуліц абласнога цэнтра. Як і ў многіх маладых уладальнікаў смартфонаў, у Алены таксама быў падключаны «М-банкінг» з прывязкай да яго карт-рахунка. Аднойчы да дзяўчыны падышоў малады чалавек акуратнага выгляду з просьбай на хвілінку пазычыць мабільны, бо яму трэба тэрмінова патэлефанаваць бацькам. І пры гэтым прадэманстраваў свой, яўна не танны гаджэт, у якім нібыта разрадзілася батарэя. Дзяўчына даверыла свой апарат, і хлопец прыклаў яго да вуха, быццам бы сапраўды размаўляў па сотавай сувязі. І толькі праз нейкі час, калі разышлася з тым маладым чалавекам у розныя бакі і нават далёка ад’ехала ад месца сустрэчы, дзяўчына заўважыла, што з яе карт-рахунку зніклі ўсе грошы — амаль 200 рублёў.

Як паведамляюць праваахоўныя органы, падобныя выпадкі апошнім часам рэгіструюцца ўсё часцей. На Пружаншчыне такія гісторыі пакуль не здараліся, але жыхары нашага раёна таксама ёсць у спісах падманутых. Выкрыць крадзеж грошай абанентаў праз мабільны банкінг вельмі складана, бо неабходна дакладна прасачыць шлях да канкрэтнага атрымальніка сродкаў. Але і ў гэтым выпадку, па словах адвакатаў, даказаць, што пацярпелы не сам, нядобраахвотна перавёў грошы, практычна немагчыма. Па правілах лічбавай эканомікі ўвядзенне логінаў і кодаў лічыцца своеасаблівым асабістым подпісам пад аперацыяй.

А вось падман ніякіх складанасцей не ўяўляе і сапраўды ажыццяўляецца за кароткі час. Зламыснік робіць выгляд, што размаўляе па чужым тэлефоне, а сам тым часам з дапамогай чатырох лічбаў кароткага запыту актывуе паслугу мабільнага банкінга. І праз некалькі хвілін грошы абанента трапляюць на іншы рахунак.

Адзіны сродак засцерагчыся ад такога махлярства — ні ў якім выпадку не перадаваць свой смартфон чужому чалавеку. Калі ж хочацца праявіць міласэрнасць, то і пры гэтым не лішняй будзе некаторая асцярожнасць: раім паставіць на сэнсарны экран блакіроўку праз графічны пароль ці адпячатак пальца, а неабходны прасіцелю нумар тэлефона набраць самастойна і, пачуўшы сігнал зыходзячага выкліку, перадаць трубку для размовы.

Алег Сідарэнка.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *