Воскресенье, 13 июля 2025

Новы вопыт — новыя ўражанні

402

На мінулым тыдні ў Мінску прайшоў ХІ Форум маладых журналістаў, тэмай якога стала «Роля новых медыя ва ўмовах электаральнай кампаніі».

Удзел у ім прыняў аўтар гэтых радкоў Руслан Басак, а таксама мой калега Уладзіслаў Шпарла. І калі Уладзіслаў удзельнічаў у форуме ў чацвёрты раз, то мне на падобным мерапрыемстве давялося апынуцца ўпершыню. А значыць, гэта быў асаблівы вопыт, поўны ўражанняў і знаёмстваў.

Сама падзея праходзіла ў кангрэс-холе «Прэзідэнт-атэля», які ўразіў мяне сваімі маштабамі і ўтульнасцю. Перад пачаткам мерапрыемства каля аўдыторыі можна было сустрэць прадстаўнікоў розных друкаваных выданняў, тэле- і радыёканалаў, інфармацыйных агенцтваў, з якімі была магчымасць паразмаўляць і задаць розныя пытанні. Апроч гэтага, кожны жадаючы мог убачыць і матэрыялы розных газет, пазнаёміцца з іх зместам, што мы з маім калегам Уладзіславам і зрабілі, азнаёміўшыся больш дэталёва з друкаванымі выданнямі «Зорька» і «Знамя юности». Не засталіся ўбаку ад мерапрыемства і нашы блогеры, якія таксама былі не супраць пагутарыць з людзьмі і адказаць на пытанні.

Пачалося ж пленарнае пасяджэнне з выступлення міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Марата Маркава, які адзначыў, што сёлетні форум з’яўляецца асаблівым, бо праводзіцца напярэдадні важнай для ўсёй краіны падзеі — прэзідэнцкіх выбараў. Выступленне Марата Сяргеевіча было змястоўным, некаторыя тэзісы запомніліся больш за ўсё.

— Выбірайце сваю нішу, развівайцеся ў ёй прафесійна, але пры гэтым не імкніцеся акунацца выключна, як гэта зараз пераважае, у культурную ці спартыўную сферы. Там таксама трэба працаваць. Надавайце больш увагі палітыцы. Гэта складаны шлях, дзе вы сустрэнеце не так шмат канкурэнтаў, і пры гэтым вам будзе вельмі цікава. Так, вы будзеце сутыкацца, а хтосьці, я ўпэўнены, ужо сутыкнуўся з пэўнымі выклікамі, дэзінфармацыяй, ціскам, санкцыямі, спробамі запалохаць. Але гэта выклік, а для журналіста ў ім крыюцца магчымасці, — адзначыў міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Запомніліся даклады і наступных выступоўцаў, якія таксама закранулі важныя тэмы, сярод якіх былі пытанні падрыхтоўкі і правядзення выбараў Прэзідэнта, дзейнасці маладых журналістаў, а таксама сакрэты прасоўвання кантэнту ў новых медыя.

У другой частцы форуму нас чакаў незапланаваны, але вельмі важны госць. Ім стаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў, які паразважаў аб штучным інтэлекце і яго ролі ў журналістыцы. Пасля чаго было яшчэ некалькі цікавых спікераў. Ураджанні выклікала гісторыя латвійскага журналіста Юрыя Аляксеева, які некалькі месяцаў таму збег з Латвіі ў Беларусь і папрасіў тут палітычнага прытулку. Ён расказаў, як купляюць блогераў за мяжой. Таксама запомніліся і некаторыя назіранні Юрыя.

— На вуліцах Мінска шмат моладзі і дзяцей, гэта адрозніваецца ад Рыгі. Я бачу, колькі тут дзіцячых садоў — усе поўныя. А ў аналагічным раёне Рыгі на такі ж радыус адзін садок, які да таго ж напалову пусты. На жаль, у Латвіі блакуюць беларускія рэсурсы, што не дазваляе ўбачыць жыхарам сапраўды добрае жыццё ў вашай краіне.

Скончылася ж мерапрыемства ўрачыстай цырымоніяй узнагароджання пераможцаў 3-га Рэспубліканскага конкурсу маладых журналістаў «Прэс-код», дарэчы, сярод пераможцаў былі і некалькі прадстаўнікоў нашай Брэстчыны.

Мне спадабаўся і форум, і ўсё, што было з ім звязана, таму ўражанні аб ім застануцца яшчэ надоўга. Гэта быў прыемна праведзены час сярод цікавых людзей.

Руслан Басак. Фота ўдзельнікаў форуму