Воскресенье, 19 января 2025

Новы праваслаўны крыж устанавілі і ўрачыста асвяцілі ў Чапялях

452

Перад Вялікаднем чапялёўскія жанчыны вырашылі прывесці ў належны выгляд крыж на ўскрайку вёскі. Ды толькі аказалася, што адной афарбоўкай справу не вырашыць: драўляны крыж, высечаны мясцовымі майстрамі-ўмельцамі, прастаяў больш за два дзясяткі гадоў і патрабаваў сур‘ёзнага аднаўлення.

— «Лепш новы зрабіць», — паступіла прапанова, з якой пагадзіліся ўсе вяскоўцы. У ініцыятыўную групу ўвайшлі сем‘і, якія жывуць побач з нашай вясковай святыняй. Убаку не засталіся і іншыя жыхары Чапялёў, і так званыя дачнікі, якія з‘язджаюцца сюды ў летні сезон. Перш-наперш заняліся добраўпарадкаваннем: высеклі кустоўе, прыбралі сухое галлё, прывезлі пяску, каб выраўнаваць участак. Адначасова адрамантавалі помнік, які ўстанавілі ў Славу Божую на Ражство Хрыстова 2000 года браты Мікулікі, і лавачку новую пабудавалі.

А потым пачалося асноўнае — выраб крыжа. Галоўнымі ў гэтай справе сталі мясцовыя майстры Мікалай Пекун і Віктар Люкевіч. Дарэчы, Мікалай — шматдзетны бацька, у сваім двары ён зрабіў такую прыгажосць для дзяцей, што кожны, праходзячы міма, любуецца. Мужчыны стварылі велічны і вельмі арыгінальны, прыгожы крыж. Залілі фундамент, паклалі плітку (спансіраваў яе мясцовы ўраджэнец, а зараз жыхар Брэста Андрэй Абрамчык). Наш пастаянны фундатар — індывідуальны прадпрымальнік Таццяна Хамета —прывезла кветкавыя кампазіцыі для ўпрыгожання крыжа.

І вось 10 лістапада адбылося асвячэнне, чын якога правёў настаяцель Свята-Мікалаеўскага храма ў г.п. Шарашэва протаіерэй Мікалай Пашкевіч. На яго сабраліся вяскоўцы, людзі, шчыра адданыя сваёй роднай зямлі. Пакуль стаіць крыж — жывая наша вера, жывая наша вёска.

Людміла Абрамчык, стараста в. Чапялі