Калі мы прапанавалі актыўным пружанскім пенсіянеркам падзяліцца любімымі рэцэптамі з чытачамі «раёнкі», то нечакана атрымалі запрашэнне на чарговае пасяджэнне клуба «Магія кулінарыі», як аказалася, нядаўна створанага пры аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ДУ «Пружанскі ТЦСАН».

А сустракалі журналістаў вось так, за накрытым для чаяпіцця сталом. Жанчыны падрыхтавалі прысмакі па ўласных рэцэптах і нават правялі майстар-класы па закусках і салодкай выпечцы. Але сакрэты смачных і нескладаных у прыгатаванні страў мы будзем змяшчаць на старонках газеты паступова.

Дзіўным атрымалася мерапрыемства, якое вяла спецыяліст па сацыяльнай рабоце Алена Смірнова: дэманстрацыя тортаў і пірожных тут перамяжалася спевамі і вершамі, кулінарныя парады — гумарэскамі. І ўсё гэта было неяк лагічна, душэўна, весела. Адчувалася, што жанчыны (сярод членаў клуба і мужчына ёсць, але на гэты раз ён у пасяджэнні не ўдзельнічаў) атрымліваюць асалоду менавіта ад магчымасці правесці час сярод аднадумцаў, сяброў.
У неабходнасці падобных клубаў па інтарэсах яшчэ раз упэўнілася, калі Таццяна Яўгенаўна Дубейка, дэманструючы свае кулінарныя вырабы, паразважала на тэму голаду. Не, не таго, што зведалі людзі старэйшых пакаленняў, якія перажылі вайну, нястачу, разруху, перабудову.

Сёння пажылых людзей можа чакаць іншы голад — эмацыйны, калі не хапае зносін, дзеці і ўнукі даўно самастойныя, маюць свае інтарэсы або жывуць далёка, а кола блізкіх людзей паступова звужаецца… Менавіта «стравы», каб наталіць гэты голад, і «гатуе» «Магія кулінарыі», таксама як і іншыя клубы і аб‘яднанні аддзялення дзённага знаходжання.

Сярод удзельніц клуба — і заўзятыя кулінары, прафесіяналы сваёй справы, і тыя, хто імкнецца праводзіць ля пліты як мага менш часу. Цікава, але гэта якраз не паўплывала на смак і якасць страў. Як адзначыла Клаўдзія Сямёнаўна Несцярчук, усё таму, што прысмакі — з дабаўленнем шчасця. А яшчэ — любові да людзей, дзеля якіх гатуеш, імкнення парадаваць, дагадзіць.
Зразумела, значная ўвага ўдзялялася парадам па правільным харчаванні, гэта вельмі важна для сталых людзей, каб адчуваць сябе бадзёрымі. Дзяліліся сваімі сакрэтамі Алена Іванаўна Крупчук, Галіна Канстанцінаўна Немцава. Але мне здаецца, што галоўны «сакрэт» — менавіта ў бляску вачэй, імкненні ўсюды паспець, усіх парадаваць.
Ірына Сядова.
Фота Кацярыны Масік