На парадак дня пазачарговай 35-й сесіі Пружанскага раённага Савета дэпутатаў 28-га склікання, якая прайшла 17 мая, было вынесена пытанне «Аб зацвярджэнні Міхаіла Грышкевіча старшынёй Пружанскага райвыканкама». Пра гэта паведаміў прысутным старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец.
Акрамя дэпутацкага корпуса, кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый раёна, служб райвыканкама ў рабоце сесіі прыняў удзел старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Юрый Шулейка, які затым і прадставіў новага кіраўніка раёна.

У сваім звароце да прысутных Юрый Вітольдавіч ахарактарызаваў работу былога старшыні Пружанскага райвыканкама Юрыя Бісуна. Па словах губернатара, Юрый Юр’евіч — прафесіянал у сваёй справе, ён амаль 13 гадоў кіраваў Іванаўскім і тры гады Пружанскім раёнамі. Настае час, калі трэба змяніць род дзейнасці. Далейшы яе характар будзе звязаны з даволі напружанай работай у складзе каманды аблвыканкама. Юрый Шулейка акрэсліў бакі дзейнасці Юрыя Бісуна на пасадзе старшыні Пружанскага райвыканкама, адзначыў, што атрымалася зрабіць, а з чым яшчэ давядзецца спраўляцца новаму кіраўніку раёна.
Юрый Вітольдавіч адзначыў, што пры абмеркаванні кандыдатуры на пост старшыні райвыканкама было ўлічана, што Міхаіл Грышкевіч родам з Пружаншчыны, ведае раён дасканала, доўгі час працаваў кіраўніком аднаго з вядучых сельгаспрадпрыемстваў — ААТ «Жураўлінае», узняў яго на вышэйшую прыступку, паказаў сябе толькі са станоўчага боку як кіраўнік Кобрынскага раёна. За чатыры гады Міхаіл Міхайлавіч зрабіў для Кобрыншчыны многае. Гэтага ж чакаюць ад яго і на пасадзе старшыні Пружанскага райвыканкама. Кандыдатуру Міхаіла Грышкевіча падтрымаў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка.

Пружаншчына арыентавана на вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі — мяса, малака. Юрый Шулейка параўнаў наш раён з аграрнай машынай, у якой павінны бесперабойна працаваць усе вузлы і агрэгаты. Абапіраючыся на вопыт і прафесіяналізм спецыялістаў, кіраўніку раёна будзе прасцей працаваць. Галоўнае, каб гэтая машына не давала збояў. Гэта ж ад усіх залежыць. Губернатар пажадаў новаму кіраўніку плённай працы.
У падтрымку кандыдатуры Міхаіла Грышкевіча на пасаду старшыні Пружанскага райвыканкама выступілі Святлана Ханавец – дэпутат Пружанскага раённага Савета дэпутатаў па Кляпацкай выбарчай акрузе №14, Андрэй Бурдук – дырэктар ААТ «Ружаны-Агра». Выступоўцы характарызавалі Міхаіла Міхайлавіча як адукаванага, ініцыятыўнага кіраўніка, які ўмее наладзіць адносіны ў калектыве, стварыць моцную каманду, прыйсці на дапамогу, даць слушную параду.

Святлана Мікалаеўна і Андрэй Міхайлавіч заклікалі зацвердзіць на пасаду старшыні райвыканкама кандыдатуру Міхаіла Грышкевіча. Што і было зроблена дэпутатамі аднагалосна. Афіцыйнае абвяшчэнне аб гэтым зрабіў старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец.
У сваім віншавальным слове Юрый Шулейка адзначыў, што ён не сумняваўся ў тым, што кандыдатура Міхаіла Грышкевіча на пасаду старшыні Пружанскага райвыканкама будзе падтрымана аднагалосна.

Брэстчына сёння — гэта даволі моцны рэгіён, дзе ў апошнія гады атрымліваюць адзін з самых высокіх вынікаў у сельгасвытворчасці. І сёння павінен гэтаму адпавядаць узровень развіцця кожнага раёна. Дзясятая частка надоенага малака ў вобласці прыпадае на Пружанскі раён. Менавіта на Пружаншчыне працуе шасцёрка знакамітых на ўсю Беларусь кіраўнікоў аграрнага сектара эканомікі. Юрый Вітольдавіч пажадаў Міхаілу Грышкевічу павышаць узятую планку дасягненняў, прызнаваць памылкі і старацца іх выпраўляць, трымаць каля сябе прафесіяналаў, якія не падвядуць, не здрадзяць у любой сітуацыі, у тым ліку – палітычнай.
Міхаіл Міхайлавіч, у сваю чаргу, выказаў упэўненасць, што напружаная работа, якая чакае яго наперадзе, павінна даваць толькі добрыя вынікі.

Юрый Шулейка падзякаваў за добрую работу Юрыю Бісуну і ўручыў яму Грамату аблвыканкама. Юрый Юр‘евіч падзякаваў ўсім прысутным за сумесную плённую работу. Напрыканцы Юрый Шулейка і Міхаіл Грышкевіч адказалі на пытанні прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі.
Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік
