«Свая сарочка бліжэй да цела», — кажуць у народзе. Калі штосьці належыць толькі табе, то і карыстацца гэтым будзеш па сваім меркаванні. Гэта ўлічылі ў ААТ «Агра-Калядзічы» — і вырашылі, што лепш пабудаваць свой камбікормавы цэх, чым купляць гатовы камбікорм.
Зразумела, не застаўся ўбаку і эканамічны разлік: уласная вытворчасць абыходзіцца ў два разы танней, значна зніжаюцца затраты на закупку кармоў і кармавых кампанентаў з прычыны набыцця толькі неабходных інгрэдыентаў і толькі ў вызначанай колькасці.
Быў задзейнічаны і заатэхнічны бок пытання: пры арганізацыі падобнай вытворчасці эфектыўна выкарыстоўваюцца свае нарыхтаваныя кармы. Ды і ў якасці камбікорму можна быць поўнасцю ўпэўненым толькі пры наладжванні ўласнай вытворчасці.
Дырэктар сельгаставарыства Аляксандр Пішч расказаў, што ўсё абсталяванне для цэха закуплялася на Барысаўскім заводзе «Металіст», якое займаецца камплектацыяй адпаведных вытворчых аб’ектаў.
Генпадрадчыкам выступіла ПМК-21 і работу сваю выканала хутка і якасна. Будаўніцтва камбікормавага цэха пачалося ў мінулым годзе, у верасні, і вось праз год аб’ект быў запушчаны і гаспадарка сама сябе стала забяспечваць камбікармамі. На ўзвядзенне вытворчага аб’екта было затрачана каля 5 млн. рублёў, у тым ліку кошт самога абсталявання для вытворчасці камбікорму склаў 2,5 млн. рублёў.
Сапраўды, новае ёсць новае. Адразу прывабліваюць вока сам цэх і складскія памяшканні. А назіраючы за работай персаналу, становіцца зразумела, што, нягледзячы на навізну справы, кожны дакладна ведае свой участак. На склады падвозяцца патрэбныя інгрэдыенты (дарэчы, на кожны — сваё памяшканне, каб без блытаніны).
Адсюль яны паступаюць у цэх, работа якога поўнасцю аўтаматызавана. Кіраваць усім працэсам прыгатавання рассыпчатага камбікорму (ёсць яшчэ і грануляваны) даручана двум апаратчыкам атрымання сухіх кармоў Ігару Гуненку і Аляксандру Райкевічу, якія прайшлі адпаведнае навучанне і таму з веданнем справы расказвалі пра ўвесь працэс.
На вялікім маніторы адразу бачна, у які бункер патрэбна дабавіць сыравіны, а дзе ўжо камбікорм гатовы і яго можна адпраўляць на захоўванне. Для запаўнення бункераў тут ёсць новы электракар.
Пільная ўвага на аб‘екце надаецца і тэхніцы бяспекі. А для падтрымання чысціні быў куплены прамысловы пыласос.
Падчас размовы з галоўным заатэхнікам Іосіфам Захаркам даведваемся, што за адзін рабочы дзень цэх можа выдаваць да 50 тон камбікорму, а для гаспадаркі ў цэлым на год патрэбна 14000 тон.
Для кожнага комплексу, кожнай фермы сельгаставарыства распрацавана свая рэцэптура, якой строга прытрымліваюцца апаратчыкі: для цялят — адна, для кароў — другая. У склад яе ўваходзяць збалансаваныя сумесі зерня злакавых культур і актыўных кампанентаў: дражджэй, мелу, фасфату, рапсавых жамерын, солі, розных прэміксаў і г. д.
А ўвогуле якасны камбікорм, па словах галоўнага спецыяліста па жывёлагадоўлі Вадзіма Вайтовіча, умацоўвае імунітэт, нармалізуе работу арганізма, павышае дзённыя прывагі, аб’ём надою і якасць малака. А гэта ўжо прамы прыбытак для сельгаставарыства, як кажуць, жывыя грошы.
Вадзім Раўнейка. Фота Алега Сідарэнкі