
Для аграгарадка Калядзічы запомніцца мінулы тыдзень тым, што тут было ўрачыста адкрыта кафэ «Рассвет», якое належыць мясцоваму сельгаставарыству.
Яно гарманічна ўпісалася ў агульны выгляд утульнага населенага пункта, нават яшчэ больш упрыгожыла яго. І размяшчаецца кафэ вельмі ўдала, каля аўтатрасы, якая праходзіць праз цэнтральную сядзібу гаспадаркі. Так што праехаць і не заўважыць прыгожа аздоблены будынак ніяк не ўдасца. Ды і яшчэ адно месца для жыхароў раёна, дзе можна не толькі адпачыць душой, паслухаўшы прыгожую музыку, але і смачна паесці, лішнім ніяк не будзе. Нават чамусьці ўпэўнены, што персаналу кафэ не давядзецца сумаваць без работы і наведвальнікі будуць няспынна дзякаваць за разнастайныя стравы.
Сярод запрошаных гасцей на ўрачыстасці, якую падрыхтавалі работнікі Калядзіцкага СДК, былі начальнік ПМК-21 Васіль Лук’янчук і дырэктар ААТ «Рамбуд» Аляксандр Апаляйчук. Дзякуючы старанням гэтых арганізацый, кафэ мае не толькі стыльны знешні выгляд, але і шыкоўную ўнутраную аддзелку, якая так і схіляе да спакойнага і душэўнага правядзення часу. А жыхарам аграгарадка наогул было б недаравальна прамінуць такую падзею!

Кафэ «Рассвет» павінна стаць упрыгажэннем усяго раёна, яго яшчэ адной візітоўкай. І сімвалічна, канечне, што адкрыццё прыпала на Год добраўпарадкавання, які сёлета крочыць па нашай краіне. «Мы пастараліся, пераадолелі ўсе цяжкасці і змаглі!» — не без гонару адзначыў дырэктар ААТ «Агра-Калядзічы» Сяргей Субота. Няхай жа грашовая скарбонка кафэ ніколі не пусцее!
Пасля пераразання чырвонай стужкі ўсе прысутныя былі запрошаны ўнутр, каб ацаніць інтэр’ер і прадстаўленае меню. Па словах тэхнолага Вольгі Русакевіч, кафэ мае дзве залы: асноўную на 38 месцаў і рэзервовую на 25, калі нехта з размахам пажадае адзначыць нейкае свята. Тут прапануюць 60 пазіцый у меню без уліку самых розных напояў. Ёсць, зразумела, і фірменная страва — рулька «Баварыя». Усё свежае, прыгатаванае з душой на сваёй кухні. Меню пакуль што агульнае, але па жаданні заказчыка з яго можна выбраць тое, што хацелася б бачыць на святочным стале. У кафэ будзе працаваць 10 чалавек, прафесіяналаў сваёй справы, якія накормяць і напояць так, што абавязкова захочацца сюды вярнуцца.
Таму, дарагія жыхары Пружаншчыны, запрашаем вас наведаць кафэ «Рассвет», каб потым усім расказваць, з якім задавальненнем вы правялі вольны час.
Вадзім Раўнейка
