У ААТ «Пружанскі льнозавод» шануюцца ўсе працаўнікі, але асаблівая павага тым, хто робіць амаль немагчымае, вядзе за сабой астатніх. Дык чаму б не парадаваць іх новай тэхнікай?
Калектыў прадпрыемства зладжаны, бачыць мэту і ідзе да яе, не дзеліць на мае і твае нейкія праблемы, а разам іх вырашае, стараецца дасягнуць максімальнага рэзультату. У чым сакрэт такой згуртаванасці і аднадумства? Як сцвярджае дырэктар ААТ «Пружанскі льнозавод» Мікалай Жогал, гарантыя асновы поспеху ў трывалай школе, у настаўніках, якія вядуць астатніх працаўнікоў прадпрыемства за сабой, перадаюць вопыт, з’яўляюцца прыкладам у працы, у жыцці наогул.

Сярод такіх — механізатары Алег Літвіновіч і Сяргей Басько. Першы шчыруе на прадпрыемстве з 2005 года, а другі — з 2004-га. Дваццацігадовы стаж працаўнікоў ужо многа можа аб чым сказаць, мужчыны не толькі прыжыліся на льнозаводзе, але на дадзены момант яны — гонар таварыства, людзі, якіх паважаюць і цэняць.
Абодва мясцовыя, так сказаць, нашыя. Алег Мікалаевіч родам з в. Ялова, да гэтага працаваў памочнікам майстра ў ААТ «Дываны Брэста», а Сяргей Мікалаевіч нарадзіўся ў в. Блізная, да льнозавода займаў пасаду механіка ў тагачаснай эксперыментальнай базе «Светлы шлях». А сышліся на прадпрыемстве, якое не толькі прыняло як сваіх, але і заўважыла стараннасць і прынцыповасць у працы — тэхніка павінна выглядаць заўсёды як новая, адным словам, блішчэць.
Пачынаў Алег Літвіновіч працоўны шлях у льнаводстве на трактары «Беларус 82.1», і адразу было зразумела, што кіраўніцтва льнозавода не памылілася ў выбары работніка. На сваім месцы апынуўся і Сяргей Басько, якому быў даручаны «Беларус 952». Падчас жа ўборкі льну-даўгунцу механізатары на той час падчаплялі да сваіх трактароў ільноўборачны камбайн ЛК-4А, які на сёння ўжо выведзены з эксплуатацыі. У выглядзе помніка мінуламу агрэгат цяпер можна ўбачыць перад уваходам на прадпрыемства. І ўсё рабілі хлопцы спраўна, з душой.
У 2009 годзе пасля рэканструкцыі завода паступілі тры новыя самаходныя церабілкі і столькі ж прэспадборшчыкаў «Depoortere», якія лічацца самымі лепшымі ў свеце. Іх вывучэннем, апрабацыяй займаліся, канечне, Сяргей Басько і Алег Літвіновіч, а яшчэ — Юрый Бушко, таксама адмысловы механізатар, тэхніка якога заўсёды ў баявой гатоўнасці. Навучыліся самі, сваімі ведамі потым дзяліліся з усёй краінай, па кансультацыі прыязджалі з розных куткоў Расіі, пачынаючы ад Смаленска і заканчваючы Алтайскім краем. Вось вам простыя сялянскія хлопцы, якія могуць даць урок і тым, у каго за плячыма вышэйшая адукацыя. Яны ж і цяпер узначальваюць пасяўную і ўборачную кампанію, якая праводзіцца ўжо 11 церабілкамі і прэспадборшчыкамі. Быў час, калі Сяргей Мікалаевіч ездзіў на Шклоўскі льнозавод на выпрабаванне машын па ўборцы льну.
Не так даўно таварыства закупіла два новыя трохвосевыя раскідвальнікі РОУМ-25 («Хозяин») айчыннага вытворцы ТАА «Запаграмаш» для паверхневага ўнясення ў глебу цвёрдых арганічных угнаенняў. Да гэтага было тры раскідвальнікі дзевяностых гадоў, яны і зараз спраўныя, але ж новае заўсёды лепшае. Нават і не пытайце, у чые рукі трапіла навінка, і так усё зразумела. У счэпцы з энерганасычанымі «Беларусамі 3022 ДЦ.1» механізатары цяпер любыя плошчы ўгнояць «на раз»!
Мала таго, што працуюць шчыра на сваё прадпрыемства, у працаўнікоў ААТ «Пружанскі льнозавод» хапае сіл дапамагаць іншым арганізацыям. На базе таварыства ўжо даўно існуе механізаваны атрад, які ў свабодны ад асноўнай работы час дапамагае ўзворваць, перавозіць салому, церабіць лён прадпрыемствам па ўсёй краіне. Дадатковыя грошы толькі ўмацоўваюць фінансавае становішча льнозавода, можна планаваць закупку іншай новай тэхнікі. Дый Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падтрымлівае ідэю стварэння асобных машынна-трактарных станцый, якія б заўсёды былі гатовы прыйсці на дапамогу, напрыклад, падчас жніва ці пасяўной кампаніі, калі кожная мінута на вагу золата.
Хто дбае, той мае. Вось ААТ «Пружанскі льнозавод» ніколі не выпускае з-пад увагі сваіх працаўнікоў, клапоціцца пра іх, каб было тое ж спецадзенне, каб былі накормленыя, каб тэхніка пастаянна абнаўлялася, каб кожны адчуваў простую чалавечую падтрымку. І ў адказ атрымлівае стараннасць пры выкананні працоўных абавязкаў, ніякай неахайнасці і абыякавасці, добрыя ўраджаі і спакой за заўтрашні дзень. Ёсць чаму і каму ў таварыства павучыцца.
Вадзім Раўнейка
Фота Кацярыны Масік