Понедельник, 16 сентября 2024

Новую сучасную ферму на 1000 галоў дойнага статка адкрылі ў «Велікасельскім Агра» (+фотаальбом)

311

Будаваць планы — справа нядрэнная. Але ўвасабленне іх у жыццё і атрыманне канчатковага выніку — куды больш прыемнае дзейства. Не пабаяліся цяжкасцей і ажыццявілі сваю мару ў ААТ «Велікасельскае Агра»: пабудавалі малочна-таварную ферму «Вялікае Сяло № 1» на 1000 галоў дойнага статка.

На святочнае мерапрыемства, якое прайшло з нагоды адкрыцця малочна-таварнай фермы «Вялікае Сяло», прыехала шмат ганаровых гасцей.

Да прысутных звярнуўся першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Сяргей Федчанка:

— Для Брэстчыны стала традыцыяй узводзіць сельскагаспадарчыя аб’екты. А гэта паказчык таго, што ў Пружанскага раёна, у вобласці і рэспублікі ў цэлым ёсць будучыня. Нягледзячы ні на якія знешнія пагрозы, мы будзем і далей развіваць малочную галіну і займацца будаўніцтвам як ферм і комплексаў, так і шчаслівага жыцця беларусаў.

Першы намеснік старшыні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Валянцін Зайчук адзначыў, што галіна жывёлагадоўлі — галоўная для Брэстчыны. У Пружанскім раёне, лідары малочнай галіны ў рэспубліцы, ёсць усё, каб павышаць надоі і рэнтабельнасць. І ААТ «Велікасельскае Агра», якое ўваходзіць у пяцёрку лепшых гаспадарак вобласці, — прыклад таму, як плённа трэба працаваць.

На святочным мерапрыемстве Валянцін Зайчук узнагародзіў Граматай Брэсцкага аблвыканкама аператара машыннага даення Алену Латаніну, а Падзячным лістом — жывёлавода Ніну Падалка.

Старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Шчуплянкоў акцэнтаваў увагу прысутных на тым, што ў новую ферму, як і ва ўсё, што звязана з ААТ «Велікасельскае Агра», укладзена душа яго дырэктара Васілія Севасцьянчыка. З такога кіраўніка бяруць прыклад і падначаленыя. Некаторым з іх Анатоль Леанідавіч уручыў Граматы ад Камітэта — жывёлаводам Аляксандру Цімафееву і Аляксандру Радзьковічу, аператару машыннага даення Наталлі Кук.

Гаварыў аб разумнай прэзідэнцкай палітыцы ў сферы будаўніцтва і віншаваў калектыў таварыства з адкрыццём новага аб’екта выканаўчы дырэктар Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза Сяргей Ашмянцаў. З рук Сяргея Дзмітрыевіча Граматы атрымалі дырэктар ААТ «Велікасельскае Агра» Васілій Севасцьянчык, начальнік малочна-таварнай фермы «Вялікае Сяло № 1» Юрый Богуш, заатэхнік-селекцыянер Святлана Люкевіч, ветэрынарны ўрач Барыс Гутырчык.

А каб аператыўна перамяшчацца па тэрыторыі фермы, яе работнікам Сяргей Ашмянцаў падарыў веласіпед на трох колах.

Аб перспектывах для далейшага росту гаспадаркі, якія дае новая аўтаматызаваная ферма, распавёў старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч. Кіраўнік раёна адрасаваў добрыя словы і будаўнікам з Пружанскай ПМК-21, якія былі задзейнічаны на будаўніцтве фермы, а таксама ўручыў Граматы райвыканкама жывёлаводу Паўлу Волчыку і муляру ПМК-21 Андрэю Макасевічу, Падзячны ліст — жывёлаводу Вадзіму Гарбачову.

Старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец уручыў Ганаровыя граматы раённага Савета дэпутатаў дырэктару ААТ «Велікасельскае Агра» Васілію Севасцьянчыку і прарабу ПМК-21 Мікалаю Крываблоцкаму.

Ва ўрачыстай абстаноўцы сімвалічны ключ ад новай фермы перадаў кіраўніку сельгаставарыства дырэктар Пружанскай ПМК-21 Васілій Лук’янчук. Разам з ганаровымі гасцямі кіраўнік сельгаставарыства перарэзаў чырвоную стужку.

Васілій Севасцьянчык дзякаваў кіраўніцтву раёна, вобласці, Міністэрству сельскай гаспадаркі і харчавання за падтрымку гэтага праекта. Словы падзякі былі адрасаваны будаўнічай арганізацыі, пастаўшчыку абсталявання, праектнай арганізацыі, ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь». Васілій Лявонцьевіч выказаў спадзяванне, што прыклад будаўніцтва фермы ў іх гаспадарцы пачнуць пераймаць і іншыя сельгаставарыствы, бо праект на 100% апраўдвае сябе. Вось толькі адзін аргумент: надоі павялічыліся настолькі, што грошай нават ад гэтай прыбаўкі кожны месяц хапае для таго, каб разлічыцца па крэдыце.

Дырэктар гаспадаркі правёў для гасцей экскурсію па аб’екце. Тут арганізавана трохразовае даенне, работа вядзецца кругласутачна, значыць, кароўкі пастаянна адчуваюць увагу чалавека.

На самым высокім узроўні наладжана і вентыляцыя: ад стану навакольнага асяроддзя таксама залежаць і якасць малака, і надоі. Усе працэсы аўтаматызаваны, што дазваляе работніку толькі кантраляваць работу. Закуплены самаходны кормараздатчык. Кармы назапашваюцца ў васьмі траншэях на тэрыторыі фермы.

Што прыемна здзівіла на адкрыцці новай фермы? Не толькі абстаноўка падчас мерапрыемства: тэрыторыя была ўпрыгожана шарамі і палотнішчамі, гучалі цудоўныя песні ў выкананні гурта Пружанскага аўтаклуба «Шчырым сэрцам».

Здзівілі таксама камфорт і чысціня ўсюды — як на тэрыторыі, так і на вытворчых аб’ектах. Адметна, што і спецыялісты тут кваліфікаваныя, з жаданнем працаваць на прыбытак. А ўсё разам гэта з’яўляецца закладам поспеху ААТ «Велікасельскае Агра».

Яшчэ раз віншуем усіх працаўнікоў сельгаставарыства са значнай падзеяй. Энергіі і новых памкненняў! Няхай новая сучасная ферма паслужыць далейшаму развіццю гаспадаркі.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік

Фотаальбомы з урачыстага адкрыцця: https://vk.com/album-23306785_294523737 і https://ok.ru/budni/album/964441477000