«Беларусы ў фотаздымках Ісака Сербава. 1911-1912 гады». Пад такой назвай у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» адкрылася фотавыстава (з фондаў Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея) славутага беларускага этнографа Ісака Сербава (1871-1943). Выстава знаёміць наведвальнікаў з каштоўнымі візуальнымі дакументамі па беларускай этнаграфіі, гісторыі і культуры, арыгіналы якіх захоўваюцца ў бібліятэцы Вільнюскага ўніверсітэта.
Ісак Сербаў быў ураджэнцам Магілёўскай губерніі і звязаў свой лёс з беларускай культурай. Скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю, затым — прэстыжны Маскоўскі археалагічны інстытут. Настаўнічаць пачаў у Мінску, дзе і захапіўся вывучэннем Беларусі.
Наладжваючы палескую экспедыцыю, Імператарскае рускае геаграфічнае таварыства паставіла перад Сербавым задачу збору матэрыялаў пра насельніцтва рэгіёна, народныя касцюмы, звычаі і фальклор. Даследчык быў узброены новым па тым часе тэхнічным сродкам —фотаапаратам «Кодак». Адной з галоўных мэт экспедыцый была фотафіксацыя ўсяго таго, што ў пачатку ХХ ст. хутка змянялася і адыходзіла ў нябыт: адзенне, побыт, жыллё, звычаі беларусаў…
Геаграфія здымкаў ахоплівае значную тэрыторыю сучаснай Мінскай, Брэсцкай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей Беларусі. У кожнай з іх даследчык здымаў сялян, рамеснікаў, жанчын у традыцыйных строях, дзяцей, драўляныя цэрквы, могілкі, забудову вёсак і хутароў, краявіды. Акрамя фотаздымкаў, ён рабіў запісы казак, загадак, паданняў, песень, занатоўваў народныя мелодыі. Ісак Сербаў фатаграфаваў у 73 населеных пунктах. Дакладна невядома, колькі здымкаў было зроблена ім за экспедыцыйныя гады: даследчыкі мяркуюць, што ад 2 да 5 тысяч.
На фотаздымках Сербава відаць вясковыя вуліцы, двары сялян з сельскагаспадарчымі прыладамі, гумны, хлявы, па-мастацку аформленыя стагі, ветракі, драўляныя цэрквы, могілкі з высокімі палескімі крыжамі. Этнограф зафіксаваў разнастайныя моманты сялянскай штодзённасці: жанчыны жнуць жыта, рвуць каноплі, дзяруць лён, прадуць на калаўроце, абіраюць бульбу; мужчыны аруць на валах, косяць сена; дзеці-пастушкі пасуць статак авечак. Таксама ў яго фотааб’ектыў трапляла і прырода Палесся.
Асабліва каштоўнымі з’яўляюцца этнаграфічныя фотапартрэты, у якіх Ісак Сербаў здолеў перадаць характар, антропанімічныя асаблівасці, традыцыйнае адзенне беларусаў. На фатаграфіях жыхары палескіх вёсак і мястэчак адлюстраваны прыгожымі, з уласцівым ім пачуццём уласнай годнасці. Белае палатнянае адзенне з арнаментам, складаныя формы галаўных убораў жанчын сведчаць аб высокай мастацкай і бытавой сялянскай культуры.
Усе гэтыя фотадакументы з’яўляюцца неацэннай крыніцай візуальнай інфармацыі аб тым, якой была Беларусь і беларусы 100 гадоў таму назад. Выстава дзейнічае ў музеі да сярэдзіны сакавіка.
Марына Каўтунюк, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык»