Для любой сельскагаспадарчай арганізацыі забеспячэнне жыллём сваіх работнікаў з’яўляецца важнай задачай у плане прыцягнення іх у вёску і замацавання тут. Вядома, каб вырашыць гэтую задачу, неабходна мець адпаведныя фінансавыя сродкі, прычым падыходы да іх выкарыстання ў кожнай гаспадарцы свае.
У ААТ «Мурава», напрыклад, не абмяжоўваюцца дастаткова важкай для гэтай невялікай гаспадаркі колькасцю жылых дамоў, пабудаваных па дзяржаўнай прэзідэнцкай праграме: у дадатак у таварыстве шырока выкарыстоўваюць практыку выкупу пустуючых дамоў у аграгарадку Мурава і іншых населеных пунктах на тэрыторыі гаспадаркі. У далейшым за кошт таварыства праводзіцца рамонт гэтых дамоў, якія ў выніку набываюць прывабны выгляд.
Падчас гутаркі з намеснікам дырэктара Аляксандрам Іванавічам Маркечкам, які курыруе сацыяльную сферу дзейнасці акцыянернага таварыства, даведаліся падрабязнасці такой практыкі.
Выкупам пустуючых дамоў вяскоўцаў у ААТ «Мурава», якім кіруе Пётр Мікалаевіч Білецкі, займаюцца даўно. Яшчэ да прыняцця Дзяржаўнай прэзідэнцкай праграмы па забеспячэнні жыллём у вёсцы ў пачатку 90-х гадоў гаспадарка выкупіла ў насельніцтва шмат такіх дамоў. Але тыя дамы былі ў большасці сваёй стандартнай старой вясковай планіроўкі, без сучасных выгод, невялікія па памерах. Гэты жыллёвы фонд у той час стаў важным крокам у вырашэнні жыллёвых пытанняў работнікаў гаспадаркі. Асобныя дамы з таго жыллёвага фонду выкарыстоўваюцца і цяпер для часовага пражывання работнікаў, пакуль ім не будзе выдзелена добраўпарадкаванае жыллё. Некаторыя такія дамы былі знесены, а на іх месцы пабудаваны новыя, што дазволіла прасцей вырашаць пытанні ў афармленні пляцовак для будаўніцтва. Так новыя прэзідэнцкія домікі паступова з’яўляліся на вуліцах Муравы.
З 2000 па 2012 год у сельгаспрадпрыемстве з дзяржпадтрымкай за кошт ільготных крэдытаў у год будавалі па 5-6 домікаў. У апошнія гады ў сувязі з павелічэннем каштарыснага кошту новых дамоў будавалі менш — па 2-3 домікі ў год. Звязана гэта і з тым, што змяншаецца колькасць сем’яў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.
У мінулым годзе ў аграгарадку Мурава з дзяржпадтрымкай і за кошт крэдытных сродкаў было ўзведзена два домікі прысядзібнага тыпу. Пры гэтым крэдытных сродкаў і сродкаў дзяржаўных субсідый хапіла толькі на 60% аплаты кошту будаўніцтва, а астатнюю суму гаспадарка вымушана была выдаткаваць з уласнага бюджэту.
ААТ «Мурава», нават нягледзячы на тое, што з’яўляецца эканамічна моцнай гаспадаркай, у такіх умовах вымушана скарачаць аб’ёмы жыллёвага будаўніцтва.
Як расказаў А.І. Маркечка, сёння паралельна з будаўніцтвам новых дамоў таварыства зноў выкупляе пустуючыя і рамантуе іх за кошт уласных сродкаў. Цяпер, у адрозненне ад мінулых гадоў, выкупляюцца дамы, якія знаходзяцца ў добрым стане і па сваёй планіроўцы прыгодныя для рэканструкцыі. Гаспадарка, дарэчы, не проста выконвае поўны рамонт такіх дамоў, але і абсталёўвае іх усімі неабходнымі сучаснымі зручнасцямі, падводзіць камунікацыі. Будучым жыльцам застаецца, бадай, толькі паклеіць шпалеры. Па якасці і зручнасці такія дамы ніколькі не саступаюць новым. А вось у фінансавым плане выгада для гаспадаркі значная. На пакупку дома і яго рамонт траціцца намнога менш грашовых сродкаў, чым на будаўніцтва новага дома нават з дзяржаўнай падтрымкай.
У бягучым годзе такія рэканструяваныя жылыя дамы атрымалі сем’і Аляксандра Анатольевіча і Яны Юр’еўны Карпей, Уладзіміра Васільевіча і Алены Мікалаеўны Жэлянгоўскіх, а кватэру ў двухкватэрным жылым доме — сям’я Дзмітрыя Уладзіміравіча і Вікторыі Генадзьеўны Карунасаў.
Безумоўна, у ААТ «Мурава» будзе працягвацца работа па забеспячэнні работнікаў жыллём.
Невыпадкова ўжо на сённяшні дзень тут працуе шмат маладых сем’яў. Жыллёвы фактар — адзін з важнейшых у замацаванні кадраў у вёсцы.
Мікола АРХУЦІК