Заўсёды напярэдадні Новага года знаходзяць час для дабрачыннасці старшыня райвыканкама М.М.Крэйдзіч і старшыня раённага аб‘яднаня прафсаюзаў, намеснік старшыні раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру» Т.Ю.Гаманчук.
28 снежня яны паспелі павіншаваць з надыходзячым святам выхаванцаў дзіцячага дома сямейнага тыпу Бакуменкаў у Ружанах і сацыяльна-педагагічнага цэнтра ў пасёлку Сонечны, уручыць салодкія падарункі пацыентам, якія сёння займаюць сацыяльныя ложкі ў медустановах раёна.
Варта адзначыць, што на ранішніку, які праходзіў у прытулку ў Сонечным, гасцей і падарункаў было, як звычайна, шмат. Ужо не адзін год шэфства над установай вядуць прадстаўнікі сілавых структур, банкаў, шэрага арганізацый і прадпрыемстваў раёна.
Дзякуючы калектыву ФПР «Гандлёвы цэнтр», вось ужо каторы год выхаванцы атрымліваюць ад Дзеда Мароза чакаемыя падарункі, пра якія пішуць у сваіх лістах. Карагоды вакол ёлкі ўдзячная дзятва вадзіла сёлета і з кіраўніком раёна.
Шасцёра пажылых людзей — пацыентаў Шарашоўскай гарбальніцы, — сёлета не засталіся абдзеленыя ўвагай мясцовых улад і таксама прымалі святочныя віншаванні. Варта адзначыць, што сацыяльныя ложкі ў бальніцы ніколі не пустуюць. На іх трапляюць адзінокія пажылыя людзі, якія не ў стане самастойна спраўляцца з бытавымі клопатамі і маюць праблемы са здароўем. Вымушаныя звяртацца па дзяржаўную падтрымку, яны праводзяць на сацыяльных ложках каля чатырох месяцаў, пасля чаго, як правіла, «прапісваюцца» ў дамах-інтэрнатах.
Трое дзетак, якія выхоўваюцца ў апякунскай сям’і, таксама сёлета атрымалі падарункі ад прадстаўнікоў улады.
Лёс жыхаркі г.п.Шарашэва Паліны Васільеўны Яфрэменка распарадзіўся так, што яна ўсклала на сябе абавязак па выхаванні сваіх трох унукаў: сын і нявестка з-за непрыстойнага ладу жыцця былі пазбаўлены бацькоўскіх правоў.
Так сямігадовы Дзіма, пяцігадовая Ангеліна і чатырохгадовы Даня сёлета сталі адрасатамі дабрыні ў рамках акцыі «Прафсаюзы — дзецям».
Не бывае адзінока ў пераднавагоднія дні пацыентам Сухопальскай бальніцы сястрынскага догляду, дзе сёння жыве 27 чалавек.
Віншаванні і музычныя нумары для іх падрыхтавалі работнікі мясцовага Дома культуры, а салодкія падарункі з найлепшымі пажаданнямі ўручылі М.М. Крэйдзіч і Т.Ю. Гаманчук.
Адметна, што на гэтым прыём гасцей ва ўстанове не закончыцца: у святы па традыцыі сваіх падшэфных абавязкова наведаюць і валанцёры Чырвонага Крыжа.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).