У аматараў спорту з’явілася яшчэ адно месца, дзе можна бавіць вольны час. У панядзелак у скверы, каля вуліцы Янкі Купалы, адбылося ўрачыстае адкрыццё першай у раёне варкаўт пляцоўкі.
Як зазначыў намеснік старшыні райвыканкама Р.В. Супрыновіч, мясцовыя ўлады не плануюць на гэтым спыняцца. Вулічныя трэнажоры з’явіліся ў выніку планавага развіцця спартыўнай інфраструктуры горада і па магчымасці падобныя аб’екты будуць пабудаваны і ў іншых мікрараёнах райцэнтра.
Пляцоўка выклікала вялікую цікавасць у юных спартсменаў з ДЮСШ №1, якія разам з трэнерамі завіталі на ўрачыстасць.
А вось іх больш старэйшыя таварышы — выхаванцы выкладчыка фізкультуры каледжа Аляксандра Мацаюка і выкладчыка ЦТДМ Андрэя Кірыковіча — паказалі майстар-класы. Юнакі выканалі шэраг складаных, але відовішчных практыкаванняў, чым выклікалі захапленне ўсіх прысутных.
Магчымасць абсалютна бясплатна займацца спортам і фізкультурай пад адкрытым небам павінна павялічыць шэрагі прыхільнікаў здаровага ладу жыцця сярод пружанцаў. А, як вядома, здароўе — залог поспеху.
Кацярына Пашкевіч, фота Сяргея Талашкевіча.