– Служу Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь! – такімі словамі, у поўным парадным абмундзіраванні сустракае гасцей 92-гадовы ветэран Мікалай Уладзіміравіч Золатаў.
– Вы як заўсёды трымаеце строй, Мікалай Уладзіміравіч! З надыходзячым святам Незалежнасці Вас! – з букетам кветак і падарункамі вітае ветэрана сакратар раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Таццяна Іванаўна Капіца.
– Здароўя, шчасця і дабрабыту Вам і Вашым дзецям, унукам і праўнукам! Сардэчна дзякуем Вам за ратны подзвіг, за мірнае неба над галавой і радасць жыцця, – віншуе ветэрана старшыня раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудравец і таксама ўручае падарункі.
Далучаецца да віншаванняў і ваенны камісар раёна І.М.Рапейка:
– Дазвольце выканаць давераную мне ганаровую місію – уручыць Вам асабістае пасланне ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і юбілейны медаль “Да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”! А таксама паставіць задачу – праз год з такім жа бадзёрым настроем сустрэць у страі 75-годдзе Вялікай Перамогі.
– Гонар маю! – адказна рапартуе ветэран, і начышчаныя ўзнагароды на парадным пінжаку – сярод якіх ордэн Айчыннай вайны і медаль “За баявыя заслугі” – нібыта засведчваюць, што словы свае Мікалай Уладзіміравіч абавязкова стрымае…
Пасля кароткай цырымоніі ўзнагароджання ветэран распавядае пра свой франтавы шлях, а госці слухаюць з непадробным захапленнем.
Мікалай Золатаў пайшоў на фронт добраахвотнікам напярэдадні свайго 17-годдзя. Выконваючы абавязкі трэцяга нумара артылерыйскай устаноўкі «ЗІС-5», юнак прайшоў шлях ад невялікай вёскі ў Тульскай вобласці да Одэра, дзе і сустрэў Перамогу.
Ён добра памятае і сваё баявое хрышчэнне, калі пасля выстралу платформа «паплыла» з-пад яго ног, і свой гарачы бой пад Крычавам, і буйную стратэгічную Вісла-Одэрскую аперацыю, і смерць камандуючага войскамі 3-га Беларускага фронту генерала арміі І.Д.Чарняхоўскага, і гібель многіх сваіх сяброў-аднапалчан…
– Вялікіх подзвігаў я не здзяйсняў, – сціпла сведчыць ветэран, – але як тады, 75 гадоў таму, так і сёння гатовы жыццё сваё аддаць за родную Беларусь…
І я з вялікай удзячнасцю і павагай цісну яго па-ранейшаму моцную руку.
Фота аўтара