Воскресенье, 19 января 2025

Новая карэта хуткай дапамогі з’явілася ў Пружанскай ЦРБ. Дапамог у яе набыцці адзін з брэсцкіх ІП

1 378

Сёння фельчар выязной брыгады аддзялення хуткай дапамогі Пружанскай ЦРБ Кацярына Яраш і вадзіцель Аляксей Самасюк працуюць з асаблівым настроем: аўтамабільны парк бальніцы папоўніўся новым экіпажам. Фургон «Форд Транзіт» класа «В» дазволіў здзейсніць далёкі рэйс як ніколі хутка — пацыент быў своечасова дастаўлены ў прыёмны пакой бальніцы.

— Новая карэта хуткай дапамогі па сваіх параметрах больш хуткасная, чым астатнія чатыры, якія знаходзяцца ў нашым карыстанні. Іншамарка мае, як кажуць, мяккую хаду. Дазваляе лёгка і хутка закаціць і выкаціць насілкі, бесперашкодна зайсці і выйсці людзям, — кажа вадзіцель.

— А ў нашай рабоце, калі, самі разумееце, лік ідзе на мінуты, гэта вялікі плюс, — дадае Кацярына Яраш. — На гэтай машыне можна без праблем дабірацца да сваіх пацыентаў не толькі ў самыя аддаленыя куткі раёна, але і хутка дастаўляць іх у Брэст.

Дзеля справядлівасці заўважым, што пакуль новай машыне не хапае новай унутранай камплектацыі.

Як растлумачыў загадчык аддзялення хуткай дапамогі Уладзіслаў Пекач, аўтамабіль, атрыманы раённай бальніцай, дзякуючы спонсарскай дапамозе аднаго з брэсцкіх індывідуальных прадпрымальнікаў, пружанцы ўкамплектоўвалі самастойна.

— Што пакуль ёсць? Жорсткія насілкі, апараты ШВЛ і ЭКГ, дэфібрылятар, пераносны кіслародны апарат, імабілізуючыя шыны і іншае. Абсталявання дадасць яшчэ рэанімацыя. Але больш або менш новае — у экіпажы ёсць усё неабходнае для працы. Галоўнае — хуткасць!

Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік