Среда, 21 февраля 2024

Новая форма выпускнога экзамену для адзінаццацікласнікаў, абавязковасць сярэдняй адукацыі, лёс сёлетніх выпускнікоў. Інтэрв’ю з начальнікам аддзела па адукацыі Ірынай Казарэз

603

Пра новаўвядзенні ў чарговым навучальным годзе і актуальнае становішча спраў у сістэме адукацыі раёна — у інтэрв’ю з начальнікам аддзела па адукацыі Пружанскага райвыканкама Ірынай Казарэз.

— Ірына Анатольеўна, на жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі Вы акцэнтавалі ўвагу на тым, што сёлета многія новаўвядзенні ў адукацыйным працэсе звязаны з нядаўнім абнаўленнем Кодэкса аб адукацыі…

— Так. Цяпер, напрыклад, згодна з яго новай рэдакцыяй, абавязковай становіцца агульная сярэдняя адукацыя, інакш кажучы, пасля заканчэння 9 класа нельга застацца проста з пасведчаннем аб базавай адукацыі. Гэта не значыць, што ўсе вучні абавязаны працягваць навучанне ў 10-м і 11-м класах: «даатрымаць» веды можна і ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай або сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

— Што за новая форма выпускных іспытаў чакае адзінаццацікласнікаў?

— З гэтага навучальнага года вучні 11-х класаў будуць здаваць цэнтралізаваны экзамен (ЦЭ) па двух прадметах: беларускай або рускай мове на выбар і матэматыцы. Такі выпускны экзамен будзе праходзіць па прынцыпах цэнтралізаванага тэсціравання, правільнасць выканання заданняў праверыць камп’ютар. У атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі школьнікам будуць выстаўляць адзнаку, якая з’яўляецца сярэднім арыфметычным гадавой адзнакі і адзнакі па ЦЭ. Вынікі экзамену будуць залічваць пры паступленні ў ВНУ.

Да слова, пасля 9 класа вучні будуць здаваць чатыры экзамены: беларускую і рускую мову ў форме пераказу, матэматыку, гісторыю Беларусі.

— У мінулым навучальным годзе завяршыўся пераход на новыя вучэбныя праграмы. Ці адбудуцца ў іх змяненні сёлета?

— Натуральна, змяненні ёсць заўсёды. Аднак у Год гістарычнай памяці лічу важным звярнуць увагу на тое, што ў вучэбных праграмах асаблівая ўвага скіравана на вывучэнне гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і захаванне гістарычнай памяці. Так, у асобных класах вучэбныя праграмы па адпаведных прадметах дапоўнены новымі пытаннямі гістарычнай тэматыкі. А дзевяцікласнікаў, напрыклад, чакае вывучэнне модуля «Вялікая Айчынная вайна».

Да слова, унікальныя матэрыялы па гэтай тэме, якія можна будзе знайсці на Нацыянальным адукацыйным партале, рэкамендуецца выкарыстоўваць пры вывучэнні не толькі гісторыі, але і рускай, беларускай літаратуры, мастацтва, іншых прадметаў.

Акрамя таго, цяпер школьнікі будуць вывучаць змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыі нашай краіны, прынятыя на рэспубліканскім рэферэндуме 27 лютага 2022 года.

— Ці праўда тое, што ў школах павялічыцца колькасць гадзін на вывучэнне беларускай і рускай мовы?

— Больш гадзін на вывучэнне гэтых прадметаў на базавым узроўні (53 замест 35 у год) выдзяляецца для вучняў 10-11 класаў. У той жа час для іх зменшыцца колькасць гадзін на вывучэнне замежнай мовы.

— Якія новаўвядзенні ў арганізацыі работы дзіцячых садкоў прадугледжвае Кодэкс аб адукацыі?

— У абноўленым кодэксе ўпершыню закладзена магчымасць рэалізацыі праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Гэта дазволіць праводзіць ва ўстановах дашкольнай адукацыі гуртковую і іншыя формы работы для развіцця здольнасцей выхаванцаў. З’явілася таксама магчымасць атрымліваць дашкольную адукацыю дома тым дзецям, якія па медыцынскіх паказаннях не могуць наведваць садок.

— Кажуць, што ў новым навучальным годзе некаторыя ўстановы адукацыі зменяць свае афіцыйныя назвы…

— Гэта мае дачыненне да вучэбна-педагагічных комплексаў «дзіцячы сад-пачатковая школа», «дзіцячы сад-базавая школа» і «дзіцячы сад-сярэдняя школа». Цяпер яны будуць называцца так: «пачатковая школа», «базавая школа» і «сярэдняя школа» (з правам рэалізоўваць праграму дашкольнай адукацыі).

Акрамя таго, усе ўстановы дашкольнай адукацыі раёна будуць мець назву «дзіцячы сад».

— Дарэчы, ці давялося ўстановам адукацыі Пружаншчыны трапіць сёлета пад аптымізацыю?

— У сувязі з дэмаграфічным і эканамічным патэнцыялам развіцця тэрыторый нашага раёна ў 2022 годзе ліквідаваны два дзіцячыя садкі (Белавусаўшчынскі і Калазубскі) і два вучэбна-педагагічныя комплексы дзіцячы сад-базавая школа (Загорскі і Зеляневіцкі).

— Ірына Анатольеўна, давайце пагутарым таксама пра вучняў і педагогаў. Якіх перамог дасягнулі яны ва ўжо мінулым навучальным годзе? Хто з выпускнікоў паказаў найлепшыя вынікі на ЦТ?

— Нашы вучні сталі пераможцамі і прызёрамі чатырох міжнародных, 10 рэспубліканскіх і 52 абласных алімпіяд і конкурсаў. Ганарымся мы і дзвюма нашымі выпускніцамі, якія атрымалі 100-бальны вынік на ЦТ: Лізавета Станеўка, якая скончыла СШ №3, паказала максімальны вынік па беларускай мове, а выпускніца СШ №5 Алена Зінкевіч — па рускай. За такія дасягненні дзякуем педагогам Хвясюк Святлане Валер’еўне і Рубанавай Алене Мікалаеўне.

У гэтым годзе ў нас таксама з‘явілася яшчэ чатыры педагогі з кваліфікацыйнай катэгорыяй «настаўнік-метадыст».

— Як жа склаўся лёс выпускнікоў-2022? Ці ўсе яны сталі студэнтамі?

— Толькі два выпускнікі нашых школ (адзін з іх па хваробе) нікуды не ўладкаваліся. 55,4% выпускнікоў паступілі ў вышэйшыя, 28,7% — у сярэднія спецыяльныя і 13,6% — у прафесійна-тэхнічныя ўстановы адукацыі, 1,5% уладкаваліся на працу або паступілі на падрыхтоўчыя курсы.

— У гэтым навучальным годзе свой працоўны шлях пачынаюць на Пружаншчыне 11 маладых спецыялістаў. Якая частка маладога папаўнення звычайна замацоўваецца ў раёне пасля адпрацоўкі?

— Магу засведчыць такі факт: дзякуючы мерам, якія прымаюцца ў нас дзеля падтрымкі маладых спецыялістаў, працэнт іх замацавання ў раёне ўжо на працягу шэрага гадоў з’яўляецца стабільным і складае 74%.

— Настаўнікі якіх прадметаў у нашым раёне з’яўляюцца «дэфіцытнымі»?

— У новым навучальным годзе ўсе ўстановы адукацыі забяспечаны педагагічнымі кадрамі. Аднак сярод настаўнікаў матэматыкі і фізікі шмат людзей сталага ўзросту, а значыць, ёсць неабходнасць у змене пакаленняў педагогаў.

Да слова, перад установамі адукацыі будзем ставіць задачу паклапаціцца пра забеспячэнне будучага кадравага патэнцыялу і ў 2023 годзе заключыць з выпускнікамі мэтавыя дагаворы, зыходзячы з патрэбнасцей канкрэтнай установы.

— У мінулым навучальным годзе адзначалася зніжэнне колькасці дзетак, якія наведваюць дзіцячы садок. Ці змянілася сітуацыя на дадзены момант?

— На жаль, тэндэнцыя да памяншэння колькасці дашкольнікаў у нас захоўваецца: у новым навучальным годзе плануецца навучанне і выхаванне 1497 дзетак, год таму — 1638.

— Мяркуючы па тым, што дашкольнікаў у раёне становіцца менш, можна дапусціць, што змяншаецца і колькасць першакласнікаў…

— Не зусім так. У мінулым годзе да заняткаў прыступілі 4885 вучняў, у тым ліку 498 першакласнікаў. А вось сёлета ў першы клас пойдзе крыху больш дзетак — 512, увогуле ж, за парты сядзе 4843 вучні.

— Ужо падпісана 100% актаў гатоўнасці ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Колькі каштавала і як праходзіла гэтая падрыхтоўка?

— На падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года затрачана больш за 600 тысяч рублёў, у тым ліку 108 тысяч пазабюджэтных і спонсарскіх сродкаў.

У школах і садках былі пафарбаваны падлогі, сцены, добраўпарадкаваны стадыёны, пафарбавана надворнае абсталяванне.

Мы набылі вучэбнае і гульнёвае абсталяванне, наглядныя дапаможнікі, спартыўны інвентар, мэблю, кухоннае абсталяванне, посуд. Акрамя таго, сёлета аснасцілі два камп’ютарныя класы, набылі шэсць індывідуальных камп’ютараў, сэнсарную панэль, планшэт, інтэрактыўны сэнсарны стол з праграмным забеспячэннем.

Аўтобусны парк таксама абнавіўся: да новага навучальнага года набыта два школьныя аўтобусы. Увогуле, дашкольнікаў і школьнікаў будуць падвозіць 17 аўтобусаў і адзін спецаўтамабіль (для дзяцей-інвалідаў).

— Заўтра, 1 верасня, усіх педагогаў і дзяцей аб’яднае свята ведаў. Якія словы адрасуеце калегам і вучням?

— Паважаныя калегі, давайце мяняць прафесійны камфорт на творчы пошук. Давайце фарміраваць у дзяцей зацікаўленасць у атрыманні адукацыі. Давайце рабіць усё магчымае для таго, каб кожнае дзіця магло развівацца і быць сацыяльна паспяховым.

Жадаю ўсім здароўя, радасці чалавечых зносінаў і новых дасягненняў!
З пачаткам новага вучэбнага года!

Інтэрв’ю ўзяла Вольга Басак. Фота Кацярыны Масік і з архіва