Четверг, 25 июля 2024

Новая дзіцячая пляцоўка ад ААТ «Шані-аграпрадукт» адкрылася ў Шанях (+многа фота і відэарэпартаж)

372

Што ў жыцці пакідае самыя непаўторныя і шчымлівыя ўспаміны, калі не дзіцячыя бесклапотныя дні? Ты можаш гуляць у лялькі, бурчаць машынкай у пясочніцы, лавіць матылькоў, мераць лужыны так, каб набраць паверх гумовікаў вады… У гэтым і заключаецца сапраўднае дзіцячае шчасце!

Каб зрабіць яго незабыўным, прыкладаюць намаганні і ў нашым раёне. Зусім нядаўна пры фінансавай падтрымцы ААТ «Пружанскі малочны камбінат» была адкрыта дзіцячая пляцоўка ў раённым цэнтры, каля магазіна «Верас». А напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, дзякуючы кіраўніцтву ААТ «Шані-аграпрадукт», месца для баўлення часу дзетак з’явілася і ў аграгарадку Шані.

Тут было наладжана сапраўднае свята: смачнае марожанае, дзіцячы гульнявы комплекс «Чып і Дэйл», гандаль цацкамі, надзіманыя горкі і многа іншага.

Што да самой пляцоўкі, то я вам скажу: пастараліся зрабіць на славу!

Для падлеткаў, а можа, нават і дарослых, з’явілася варкаўт-пляцоўка.

Для малых — батут, арэлі, футбольныя вароты, дзіцячы гарадок, гушкалкі, баскетбольнае кальцо. А яшчэ… інтэрактыўнае тэлебачанне: хочаш мультфільм паглядзець — усё ў тваім распараджэнні. А вакол прыгожы газон. Любата дый годзе!

На само мерапрыемства сабралася многа народу, былі і госці з раённага цэнтра. Нават бабулі прыйшлі, і нічога дзіўнага: гэта ж іх унукі і ўнучкі будуць тут весела і з карысцю бавіць час. У самым пачатку дзейства прыгожай песняй «Сінявокая» парадавала прысутных Віялета Зубко.

Пасля гучання Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь слова было дадзена дырэктару ААТ «Шані-аграпрадукт» Аляксандру Якімаўцу. Падчас выступлення Аляксандр Пятровіч нагадаў жыхарам і гасцям пасёлка, што некалі ўсе былі дзецьмі, глядзелі на гэты свет непасрэднымі вачамі і марылі… А цяпер у нас ёсць магчымасць зрабіць дзіцячыя гады ўжо сваіх гарэз незабыўнымі, прыкладам чаго і з’яўляецца пляцоўка «Вясёлы дворык», якую гаспадарка купіла і сваімі сіламі ўсталявала.

Першы намеснік старшыні — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Сяргей Глушко адзначыў, што здароўе нацыі — гэта адзін з галоўных крытэрыяў у нашай краіне. І ў дзетак з Шанёў з’явілася цудоўная магчымасць не проста бавіць час, а яшчэ і аздараўляцца. Сяргей Аляксандравіч выказаў спадзяванне, што зробленая сельгаставарыствам пляцоўка праслужыць доўга і з карысцю.

Ад імя жыхароў аграгарадка выступіла намеснік дырэктара гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце Хрысціна Асіпчук:

— Віншую ўсіх са знакавай падзеяй. Цяпер дзеткам будзе месца для сустрэч, цікавых гульняў. Хацелася б, каб пляцоўка «Вясёлы дворык» была толькі стартам і ААТ «Шані-аграпрадукт» працягвала работу ў гэтым напрамку. А пакуль будзем берагчы тое, што ўжо маем.

Кульмінацыйны момант адкрыцця пляцоўкі — перарэзванне стужкі. Такая місія была ўскладзена на Аляксандра Якімаўца і Сяргея Глушко.

І разышліся па хатах? Не! Дзякуючы кіраўніцтву ААТ «Шані-аграпрадукт», свята на гэтым не скончылася. Казачныя героі запрасілі ўсіх дзяцей на гульнявую праграму «Усміхнёмся сонечнаму дню», а жыхары і госці аграгарадка былі запрошаны на канцэрт «Мы дорым вам цеплыню душы», з якім прыехалі ў Шані работнікі Аснежыцкага раённага цэнтра культуры і адпачынку Пінскага раёна.

Жыць для сябе і клапаціцца толькі пра сябе — справа марная. І зусім іншая, калі прыкладаеш усе намаганні для таго, каб аддаць часцінку сябе, напрыклад, дзеткам. Яны ж маюць поўнае права на дзяцінства, якое ў нашых сілах зрабіць светлым і непаўторным.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік

Фотаальбомы тут: https://vk.com/album-23306785_294317972 і https://ok.ru/budni/album/963992752264