Пятница, 17 января 2025

Новая дзіцячая пляцоўка ў гарадскім парку яшчэ не паспела адкрыцца, але яе ўжо пашкодзілі вандалы

918

Упэўнены, многія пружанцы яшчэ добра памятаюць цудоўныя атракцыёны ў гарадскім парку. Як прыемна было пракаціцца на гарэзлівым паравозіку і пагойдацца на арэлях-лодачках! А як страшна, і ў той жа час неверагодна цікава было ўбачыць горад з вышыні птушынага палёту, праехаўшы круг на коле назірання, якое ў народзе называлі «сонейкам»…

Доўгі час у парку не было нічога для адпачынку дзяцей. Аднак пару гадоў таму на месцы былых атракцыёнаў з’явілася новая дзіцячая пляцоўка, прычым бясплатная. Прыкладна з месяц назад пачалося ўзвядзенне другой. Але…

Але некаторыя гараджане не сталі чакаць яе адкрыцця. Не зразумела, ці то дзеці так настойліва прасілі бацькоў пакатацца на новай горцы, ці то самі мамы і таты хацелі парадаваць малых, аднак перашкодай для таго, каб трапіць на пляцоўку, не стала нават агароджа. Яе вандалы проста паламалі.

Для таго, каб агледзець і ацаніць маштаб урону, разам з майстрам участка «Добраўпарадкаванне» Аляксандрам Паўловічам адпраўляемся ў парк. Новая дзіцячая пляцоўка памерам 16х16 метраў месціцца непадалёк ад сцэны — там, дзе раней былі ўсталяваны арэлі. Па словах майстра, такое размяшчэнне было абрана невыпадкова: гэтую лакацыю выдатна ведаюць пружанцы.

— Хацелі зладзіць сюрпрыз для гараджан, а атрымалася ўсё якраз наадварот, — кажа Аляксандр Іванавіч. — За тры тыдні «Камунальнік» накіраваў на адрас начальніка аддзела ўнутраных спраў Ігара Амельянчука тры лісты, да якіх мы прыклалі фотаздымкі актаў сапраўднага вандалізму!

Аляксандр Іванавіч паказвае тры пралёты сеткі, якія жадаючыя пакатацца ці нашкодзіць проста парвалі. Больш за тое, адзін фрагмент агароджы быў выламаны, а слупок, які яе трымае, пагнуты. Відаць, таму, што веснічкі пакуль што зачынены.

Падыходзім да асноўнага гульнявога комплексу і бачым, што ад вандалаў пацярпела не толькі сетка. Ніжняя прыступка лесвіцы гульнявога комплексу проста пераламана. Відавочна, што зрабілі гэта зусім не малыя… На гэтым шкодніцтвы не заканчваюцца. Адламаны штурвал атракцыёна «Верталёцік», а плітку, якую клалі пасля ўстаноўкі атракцыёнаў, проста вырывалі і раскідвалі.

— Калі аглядалі пляцоўку і фіксавалі ўсе гэтыя акты вандалізму, на пяску заўважылі сляды. Далёка не ўсе яны былі дзіцячымі: «гаспадарылі» тут яўна дарослыя або падлеткі. Незразумела, чаму нельга дачакацца адкрыцця пляцоўкі, ды і навошта падаваць прыклад ламання сваім дзецям? — разважае майстар.

І мае рацыю. Нанесці пашкоджанні на пляцоўцы мог хто заўгодна: у выхадныя дні тут многа бацькоў з дзецьмі, вечарам у будні парк становіцца месцам тусоўкі моладзі. Між тым, толькі ўрон ад абарванай у адным месцы сеткі складае 160 рублёў.

Які вывад зробім? Сярод каментарыяў да публікацый «раёнкі» сустракаюцца і незадаволеныя работай камунальных службаў: маўляў, мала робіцца ў Пружанах… Дык на камунальшчыкаў варта наракаць ці на саміх сябе? Чаму мы настолькі не цэнім чужую працу і намаганні зрабіць добрую справу? Урэшце, чаму вучым дзяцей і што пакідаем ім? Задумацца ёсць, над чым.

Спадзяёмся, што вандалаў знойдзе міліцыя.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Аляксандра Паўловіча і Кацярыны Масік