Среда, 26 марта 2025

Новаму году быць! На цэнтральнай плошчы горада прайшло свята запальвання агеньчыкаў на галоўнай ёлцы (+многа фота)

636

Новы год, бадай, самае доўгачаканае свята, якое прымушае нават самых чэрствых людзей захапіцца казачнай зімовай атмасферай, адчуць трапятанне перад чымсьці загадкавым і невядомым, паўнавартасна паверыць у цуды.

Для дарослых гэта цудоўны напамін пра дзяцінства, для дзетак – час чараўніцтва і чакання. Ну што ж, чакаць застаецца зусім нядоўга. Тым больш што Пружаны ўжо ў поўнай ступені падрыхтаваліся сустракаць Новы 2023 год!

15 снежня на цэнтральнай плошчы горада прайшло свята запальвання агеньчыкаў на галоўнай ёлцы. Урачыстасць выдалася асабліва радаснай і яскравай дзякуючы святочнай навагодняй праграме, якую падрыхтавалі работнікі Палаца культуры.

Неверагодныя па сваёй канцэнтрацыі пазітыў і бадзёрасць выдалі прыхільнікі бога Апалона і падрыхтавалі проста выдатны канцэрт. Іх шчырае захапленне справай не магло не крануць і не расхваляваць гледача. Культработнікі крута пастараліся, каб свята прайшло на славу!

З віншавальнымі словамі да публікі звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч. Ён пажадаў прысутным слаўных уражанняў і добрага настрою, а таксама адзначыў, што з моманту запальвання навагодняй ёлкі ў Пружанскім раёне пачнецца акцыя «Нашы дзеці».

Гасцей урачыстасці чакалі нянудныя гульні і запальныя танцы, якія праводзілі вядучыя, каб не даць публіцы замёрзнуць, а таксама нумары ў выкананні танцавальных калектываў Палаца культуры.

З’яўленне Дзеда Мароза і Снягуркі выклікала сапраўдны фурор. Доўгачаканае віншаванне галоўных герояў свята адгукнулася ў сэрцах усіх прысутных, літаральна кожную фразу знакамітых дзеда і ўнучкі людзі сустракалі гучнымі апладысментамі. Канешне, цэлы год чакаць сустрэчы! Цёплы прыём парадаваў любімых герояў, і яны аддзячылі пружанцам: запалілі агеньчыкі на ёлцы, а таксама павадзілі карагоды наўкол зялёнай прыгажуні, правялі традыцыйныя гульні, падарылі кожнаму радасць і шчасце.

Напрыканцы мерапрыемства вядучыя аб’явілі пераможцаў конкурсу «Віншавальная паштоўка для Дзядулі Мароза», які Палац культуры праводзіў напярэдадні. Адзначым, што шмат маленькіх пружанцаў адклікнуліся на прапанову падрыхтаваць паштоўку снежнаму Дзядулю. Многія з удзельнікаў конкурсу былі адзначаны падарункамі. Імёны пераможцаў вы знойдзеце на старонцы «Газетка-дзетка» 21 снежня.

Юлія ЯНУШКА. Фота Кацярыны МАСІК

Фотаздымкі са свята: https://vk.com/album-23306785_289758257 і https://ok.ru/budni/album/952201998472