Понедельник, 16 сентября 2024

«Ніякіх шалёных грошай». Лукашэнка даручыў у першым квартале навесці парадак у спартыўных клубах

64

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў у бліжэйшы час навесці парадак у спартыўных клубах. Аб гэтым ён заявіў, заслухоўваючы даклад аб развіцці беларускага футбола, паведамляе БЕЛТА.

«Я вас запрасіў для таго, каб пагаварыць аб сітуацыі, якая складваецца ў нашай спартыўнай супольнасці і перш за ўсё ў галіне футбола. Самы масавы від спорту, самы любімы від спорту сярод нашага насельніцтва. І такі від спорту, якім можна займацца ў любы час сутак у Беларусі і пры любых умовах надвор’я, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — У цэлым, калі ацэньваць нашы спартыўныя дасягненні, яны нікуды не вартыя. Пры тых укладаннях і тых клопатах дзяржавы, якія мы аказваем спорту».

«Вы атрымліваеце нейкія прэферэнцыі. Парадак трэба навесці на працягу бліжэйшага часу — у першым квартале (гэтага года. — Заўвага БЕЛТА). Ніхто не павінен атрымліваць ніякіх шалёных грошай. У адваротным выпадку вы будзеце ўсе пазбаўлены льгот. Клубы на сваіх чыноўнікаў і іншых прыбліжаных павінны зарабляць грошы самі. Няхай ідуць і просяць у спонсараў. А так у нас дзяржава з’яўляецца асноўным спонсарам», — заўважыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што многія «пачынаюць выць» і скардзіцца на санкцыі, што беларускіх спартсменаў і каманды не дапускаюць да міжнародных спаборніцтваў. «А куды вас не пускаюць? Вас што, у Расію не пускаюць? Гэта самая моцная спартыўная дзяржава нашай планеты, — сказаў Прэзідэнт. — Я назіраю цяпер вельмі пільна (больш, упэўнены, чым хто-небудзь з вас), што адбываецца ў Расійскай Федэрацыі са спортам. Там пастаянна паказчыкі ў спорце павялічваюцца. Там лыжнікі бегалі слабей — цяпер бягуць хутчэй. Там хакей — ёсць хакей. І футбол там дай бог. Я гавару: выйграйце ў расіян. Паспаборнічайце з імі і прыйдзіце далажыце, што вы выступілі лепш, чым расіяне, ва ўсіх відах спорту. І ад вас больш нічога не трэба. Краіна будзе шчаслівая».

Што датычыцца ў цэлым цяперашніх вынікаў у айчынным спорце, Прэзідэнт выказаўся ёміста і вельмі дакладна: «Сорамна глядзець. Часам брыдка».

Ён таксама звярнуў увагу, што там, дзе ёсць вынікі, яны часта таксама нестабільныя, і значныя перамогі змяняюцца невыразнай гульнёй і вынікамі.

«Такі спорт народу не патрэбны. І з бюджэту ніхто гэта фінансаваць не будзе. Пра футбол я баюся нават гаварыць. Мы некаторыя каманды з суседніх дзяржаў раней у футболе проста не заўважалі. А цяпер?! Але мяне што абурае: аказваецца, новы кіраўнік федэрацыі з міністрам спорту нешта не падзялілі. Яны не могуць працаваць адзін з адным. Цуды! Ды там жа дзяліць няма чаго!» — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт паставіў усім жорсткую ўмову: «Увогуле, мужыкі, так: у гэтым годзе не будзе па відах спорту прагрэсу значнага і нармальных паказчыкаў — на пасады і крэслы не разлічвайце. Разумейце мяне, як хочаце».

На даклад да кіраўніка дзяржавы запрошаны віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка, які курыруе спартыўную сферу, міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук, прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка, старшыня Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» Мікалай Шарснёў і член Савета Рэспублікі Дзмітрый Баскаў.

БЕЛТА