Грунтовай дарогай, якая пралягае праз вёску Слабудка паміж былымі ваенным гарадком і вайскавой часцю і вядзе напрасткі да брацкіх могілак, карыстаюцца многія, але падтрымліваць яе ў належным стане няма каму.
Раней, калі тут кватаравалі і неслі службу вайскоўцы, іменна яны прыводзілі гэтую грунтоўку ў парадак. Мяне толькі здзівіла, чаму так і пакінулі яе грунтовай, не забетаніравалі ці заасфальтавалі, як заўсёды гэта рабілася ў вайскоўцаў? Але часць ужо даўно расфарміравалі, а інфраструктура засталася. Крыху далей размясціўся гаражны кааператыў. Калі мы ехалі да могілак, якраз у адным з гаражоў вяліся рамонтныя работы, працавала электразварка. Бачна, што «гаражны квартал» жыве, але кожны з яго гаспадароў клапоціцца толькі пра свае некалькі метраў, адведзеных пад сховішча транспарту. Нехта кожны дзень пераадольвае адрэзак грунтоўкі, рызыкуючы пашкодзіць падвеску ў сваім аўто.
Яшчэ далей — брацкія могілкі, дзе перыядычна праводзяцца перапахаванні астанкаў безыменных воінаў, якія да гэтага часу знаходзяць на зямлі пружанскай. Пакуль мы сюды даехалі, можна было б і масла збіць з вяршкоў або смятаны. Разагнацца тут асабліва не атрымаецца, можна і дэталі ад машыны пакінуць.
Дык чыя ж гэта дарога, няўжо гаспадар так і не знойдзецца? З гэтым пытаннем мы звярнуліся да старшыні Пружанскага сельвыканкама Алены Краўчук. Як расказала Алена Аляксееўна, ніхто не спяшаецца прэтэндаваць на гэтую нідзе не пазначаную дарогу, хаця спробы ўстанавіць уладальніка рабіліся неаднойчы. Урэшце вырашылі, што гэта — месца грамадскага карыстання. Таму знаходзіць сродкі, каб давесці праезную частку да ладу, даводзіцца старшыні сельвыканкама. На момант нашага тэлефанавання Алена Аляксееўна ўжо дамовілася з кіраўніцтвам ААТ «Пружанскае» аб прадастаўленні тэхнікі для грэйдзіравання. І работы былі выкананы.
На здымках можна параўнаць: як было і як стала. Розніца адчувальная. Не здзіўлюся, калі пасля пастаяннага грэйдзіравання дарога будзе ўсё больш і больш паніжацца, пакуль не стане своеасаблівай траншэяй. Каб гэтага не здарылася, здаецца, ёсць выйсце: скінуцца грашыма ўсім, хто карыстаецца дарогай, асабліва гэта тычыцца ўладальнікаў памяшканняў гаражнага кааператыва, і заасфальтаваць грунтоўку. Раней жа так і было: людзі збіраліся і талакой рабілі справу. Думаю, што не асабліва патанчэюць кашалькі, калі кожны выдзеліць невялікую суму грошай. І сабе карысць, і каменьчык ляжа на чашу вагаў добрых спраў. Ды чамусьці мне здаецца, што не будзе гэтага. Добра, калі памыляюся…
Віктар Ільюшчанка