Суббота, 14 декабря 2024

Ні разу не пашкадавала аб абраным шляху ўрач агульнай практыкі Шарашэўскай бальніцы Алёна Вашкевіч

574

Скончыўшы лячэбны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Алёна Вашкевіч у жніўні 2022 года размеркавалася ў родныя Пружаны.

— Мне хацелася менавіта вярнуцца дадому, таму навіна аб тым, што буду працаваць у Шарашэве, не вельмі парадавала, — усміхаецца ўрач агульнай практыкі. — У гарадскім пасёлку не хапала спецыяліста, і адміністрацыя райбальніцы вырашыла, што мне неабходна пачынаць сваю кар’еру там. Спачатку я засмуцілася, а пасля пачала шукаць плюсы ў дадзенай сітуацыі, яны былі хутка знойдзены, і цяпер зусім не шкадую, што мяне туды накіравалі.

Як кажа Алёна, у Шарашэўскай гарбальніцы цудоўны калектыў, сапраўды зладжаная каманда ўсяго медыцынскага персаналу.

— У мае абавязкі ўваходзіць кантроль за пацыентамі са свайго ўчастка. Важна папярэджваць захворванні, садзейнічаць таму, каб людзі звярталіся са сваімі праблемамі да медыкаў своечасова, — тлумачыць дзяўчына. — Таксама за мной замацаваны чатыры ФАПы, на кожным з якіх ёсць свой фельчар, медсёстры — яны выдатныя спецыялісты, якія вельмі дапамагаюць.

Асабліва заўважнай дапамога калег становіцца падчас «гарачых» перыядаў халоднай пары года, калі людзі пачынаюць хварэць на рэспіраторныя інфекцыі. Добра, што гэта сезонная з’ява.

— Да ўрача агульнай практыкі часта звяртаюцца сталыя людзі, у кожнага з якіх ёсць свой «букет» хранічных захворванняў. Насамрэч, не трэба быць тонкім псіхолагам, каб пабудаваць з імі добрыя стасункі: неабходна ўважліва выслухаць, задаць удакладняючыя пытанні, не дазваляць сабе грубасці. Але ўвогуле, так трэба сябе паводзіць з любымі пацыентамі, — упэўнены малады спецыяліст.

Да слова, маці Алёны Вашкевіч Таццяна Дайнека таксама медработнік: больш за 20 год яна займае пасаду старшай медсястры ў тэрапеўтычным аддзяленні.

— Я ніколі не баялася бальніцы, была тут як свая. Калі даводзілася заходзіць да мамы ў аддзяленне, там са мной заўсёды бавіліся медсёстры, — узгадвае доктар. — Але будзе памылкай сказаць, што я з самага дзяцінства марыла стаць урачом. Паваротны момант здарыўся, калі ўжо вучылася ў восьмым класе: я зразумела, што хачу разбірацца ў самым каштоўным і патаемным — здароўі, валодаць выключнымі ведамі і… дапамагаць людзям.

Дарэчы, пра дапамогу. Усё ж такі існуе ў нашым жыцці закон бумеранга, карма, справядлівасць — абірайце той тэрмін, што больш падабаецца, але сутнасць аднолькавая: калі ты будзеш з дабром і падзякай ставіцца да гэтага свету, ён адплаціць табе той жа манетай.

— Дзякуючы прафсаюзу, адміністрацыі ЦРБ і прадстаўнікам райвыканкама, я атрымала арэнднае жыллё ў Пружанах. Для мяне было важна замацавацца на месцы, не турбавацца з-за пошукаў кватэры, улічваючы, што горад невялікі і магчымасці найму не такія ўжо і разнастайныя. Ведаю, што дапамаглі не толькі мне, але і іншым маладым спецыялістам. Я вельмі ўдзячна нашаму прафсаюзу, у прыватнасці, старшыні пярвічкі Ірыне Мікалаеўне Шэйко, — кажа Алёна. — Хочацца, каб у Пружаны прыязджалі маладыя людзі, каб горад квітнеў і маладзеў. Цудоўна, што кіраўніцтва і райбальніцы, і раёна гэта разумее і актыўна падтрымлівае нас.

Урач агульнай практыкі прызнаецца, што ні разу не пашкадавала аб абраным шляху, і ўзгадвае, што клятва беларускага ўрача змяніла яе назаўсёды.

— Сённяшняя ўрачэбная прысяга створана на аснове клятвы Гіпакрата, і яе вымаўленне стала, напэўна, самым урачыстым і хвалюючым момантам у маім жыцці. Як цяпер памятаю: на выпускным увесь курс (а гэта чалавек 300) хорам паўтаралі словы клятвы за дэканам. Менавіта ў той момант я зразумела, які цяжар адказнасці бяру на сябе, — дзеліцца Алёна Вашкевіч.

Юлія Янушка. Фота аўтара і Кацярыны Масік