Пятница, 1 ноября 2024

«Ні адна краіна так не дапамагае!» Лукашэнка агучыў формулу для падтрымкі ў сельскай гаспадарцы

44

 Укладзеныя ў развіццё сельскай гаспадаркі грошы павінны даваць аддачу, і дзяржава гатова падтрымліваць і дапамагаць тым, хто працуе эфектыўна. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў пры наведванні ў Аршанскім раёне сялянскай фермерскай гаспадаркі «Старт ТС», перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Размова ішла аб тым, каб далей развіваць у рэгіёне сыравінную базу. Прэзідэнт гатовы прыняць у гэтым плане неабходныя дадатковыя рашэнні, але важна выбудоўваць перспектыву развіцця — уласная перапрацоўка, продажы прадукцыі, сетка магазінаў. «Мы сыравінную зону вам забяспечым. Каб вы сваё перапрацоўвалі самі і ад гэтага грошы атрымлівалі. Тут трэба магазіны свае ствараць. Тут жа Расія побач», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

І такі падыход не толькі ў развіцці канкрэтнай гаспадаркі, але і ў цэлым па краіне. Пазычыць, дапамагчы з тэхналогіямі, арганізаваць працэс — калі ласка, паліва, угнаенні — купляй, колькі хочаш, усё ёсць. «Мы вёсцы дапамагаем дай бог. І датацыі, і крэдыты, і авансаванне. Ні адна краіна так не дапамагае. Але павінна быць аддача», — падкрэсліў беларускі лідар.

Галоўнае — нават не вырабіць аб’ёмы прадукцыі, як гэта было раней, куды важней — выгадна гэта ўсё прадаць. «Мы будзем дапамагаць стратэгічна», — паабяцаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама звяртае ўвагу на яшчэ адзін немалаважны аспект — пажадана вырабляць эксклюзіўны тавар: «Проста малако ў масла ператварыць і высушыць, сыроватку або яшчэ штосьці — гэта мы прайшлі ўжо. Гэта трэба дзесьці рабіць, але мы прайшлі. Вы павінны на гэтым малым прадпрыемстве стварыць штосьці такое, што людзі ў чэргі будуць стаяць за гэтым. А ніш свабодных дастаткова. Проста трэба варушыцца».

«Таму калі мы будзем бачыць у вас вынік, то будзем прыязджаць да вас, дапамагаць. І фінансава, і тэхніка, і ўсё астатняе. Таму, хто аддачу дае, чаму не дапамагчы. Вось адзіная формула», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.