Прызнаюся шчыра: за 17 гадоў работы ў “раёнцы” мне яшчэ ніколі не было так страшна ехаць на рэдакцыйнае заданне.
Для мяне гэтая гісторыя пачалася з тэлефанавання жыхаркі Лінова, якая сцвярджала, што ў аграгарадку ў непасрэднай блізкасці да школы жывуць заводчыкі змей, якія не сочаць за сваімі гадаванцамі. Як высветлілася, на самай справе, прыкладна два тыдні таму работнікі РАНС выязджалі ў вёску, каб злавіць зялёнага полаза.
Падзея ўзрушыла вяскоўцаў і падзяліла на два лагеры: большага — тых, хто катэгарычна супраць такога суседства, і значна меншага—тых, каму ўсё роўна. Цікава, што да гэтага “ўцёку” ліноўцы і сям’я Васіленкаў жылі ў згодзе: першыя нічога не ведалі пра незвычайнае хобі, другія мірна займаліся любімай справай яшчэ з восені мінулага года.
Пра парушаны мір выдатна ведаюць і ў сельскім Савеце: мясцовая ўлада спрабуе знайсці кампраміс, каб задаволіць абодва бакі. Справа ў тым, што Васіленкі не парушаюць закон і маюць поўнае права гадаваць у тым ліку і змей. А вось многія ліноўцы катэгарычныя: змеям не месца каля школы.
Наладзіць адносіны з вяскоўцамі Яўген і Ліля спрабавалі самастойна. Пасля непрыемнага інцыдэнту запрашалі ўсіх абураных да сябе ў госці, прапаноўвалі пазнаёміць са сваімі гадаванцамі. Пэўную зацікаўленасць праявілі толькі дзеці, але ні адзін вясковец так і не пераступіў парог хаты Васіленкаў. Што ж, зрабілі гэта мы, карэспандэнты “Раённых будняў”.
Найперш, убачыўшы нашы спалоханыя твары, гаспадары запэўнілі, што ядавітых жывёл у іх няма. Здаецца, стала крышачку спакайней. Але я ўпадабала месца роўна пасярод пакоя, каб знаходзіцца як мага далей ад усіх скрыняў і іх жыхароў.
Знаёмства наша пачалося з зялёнага полаза, які і ўчыніў перапалох. 
— Я ведаю, што вінаваты. І я ўжо папрасіў прабачэння ў суседа, якому мой гадаванец даставіў нязручнасці. З суседам мы мірна вырашылі пытанне, і на дадзены момант у яго да нас няма прэтэнзій. Ён выставіў толькі адну ўмову — такое больш НІКОЛІ не павінна паўтарыцца. І, паверце, я, як ніхто іншы, зацікаўлены ў гэтым, — апраўдваецца Яўген Васіленка.
Выдатна разумею пачуцці чалавека, які ў сябе на хляве ўбачыў паўтараметровую зялёную змяю, і працягваю стаяць пасярод пакоя. Яўген дастае яшчэ некалькі розных полазаў, паказ кожнага суправаджае цікавым аповедам.
Напрыклад, насаты зялёны полаз усё мінулае стагоддзе лічыўся зніклым. Падчас адной з экспедыцый яго знайшлі ва В’етнаме работнікіТульскага экзатарыума, з навукоўцамі якога, дарэчы, цесна супрацоўнічае сям’я Васіленкаў. Цяпер “насач” даволі распаўсю-джаны ў герпетолагаў, у дзікай прыродзе знаходзіцца вельмі рэдка. Чым больш гаспадары расказваюць пра сваіх гадаванцаў, тым больш, здаецца, у іх гараць вочы… Фатограф трымаецца на адлегласці, але робіць здымкі. Я не сыходжу з аблюбаванага месца.
Але Яўген і Ліля ведаюць, як растапіць сэрцы такіх баязліўцаў і дастаюць ярка-аранжавага маісавага полаза. Першым вырашаецца дакрануцца да аксаміцістай істоты фотакарэспандэнт. Ужо з яго рук бяру полаза і я…

Яўген Васіленка ўпершыню ўзяў у рукі вужаку ў 7-гадовым узросце. Паведаміў бацькам, што гэта яго новы сябар і ён будзе жыць разам з імі. Бацькі энтузіязм не падзялілі, і «сябра» давялося выпусціць на волю. Ужо ў свядомым узросце пры першай магчымасці Яўген Алегавіч уладкаваўся на работу ў Мінскі заапарк. І з таго часу ўсё яго жыццё і прафесійная дзейнасць звязаны з полазамі. Жонка, далікатная Ліля, захапленне раздзяляе.
Яны нават пазнаёміліся дзякуючы падобным хобі: Ліля трымала калекцыю насякомых і некалькі хамелеонаў. І сёння ў тэрарыумах Васіленкаў знайшлося месца не толькі змеям.
Радуюць вока гаспадароў барадатыя агамы і шустрыя вейкавыя (реснитчатые) бананаеды.
Шмат гадоў Васіленкі жылі пад Мінскам, але ўтрымліваць змей у кватэры было нязручна, таму на сямейным савеце прынялі рашэнне пераехаць ва ўласны дом у ціхую вёску. Лінова з выдатна развітай інфраструктурай адпавядала ўсім іх патрабаванням. Але, як мы бачым, «ціха» жыць не атрымалася. Ёсць і іншыя праблемы. Напрыклад, сельскі Савет да гэтага часу не выдаў

Тое, чым займаюцца Яўген і Ліля, выклікае і навуковы інтарэс. Атрымаць патомства ад полазаў у няволі вельмі складана. Таму ўсімі сваімі назіраннямі Васіленкі дзеляцца з Тульскім экзатарыумам і заагадавальнікам Маскоўскага заапарку. Сябруюць яны з многімі вядомымі навукоўцамі, сярод іх — сябры самога Мікалая Драздова!
— Колькі гадоў Мікалай Мікалаевіч вёў перадачу, дзе расказваў пра розных жывёл, і, здаецца, усё дарма. Людзі так і баяцца змей… — падсумоўвае Яўген Васіленка.
Кацярына ПАШКЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

