Пятница, 23 мая 2025

Несанкцыянаваны гандаль

379

Размова пойдзе пра несанкцыянаваны гандаль. Якія спагнанні чакаюць тых, хто гандлюе ва неўстаноўленых для гэтага месцах?

Напамяць прыходзяць 1990-я гады, калі ўся краіна ператварылася ў гандлёвую пляцоўку. Чаго толькі нельга было ўбачыць на прыстасаваных са скрынь, кардону «прылаўках», ад цвікоў — да прадуктаў харчавання. Час быў такі. Міліцыя часам ганяла гора-гандляроў, але часцей закрывала на ўсё гэта вочы. Разумелі і праваахоўнікі: людзі выжывалі як маглі. Самому прыйшлося крыху гандляваць. Доўга гэтага не вытрымаў. Не маё.

Час ідзе. Мы сталі жыць заможней, краіна, нягледзячы на ўсеабдымныя санкцыі, умацавалася індустрыяльна, эканоміка выраўнялася. Прыведзены ў парадак і вулічны гандаль. Для гэтых мэт адведзены спецыяльныя месцы з прылаўкамі. Гандлюй сваёй вырашчанай на прысядзібным участку садавінай, агароднінай. Заўважым, на многіх пляцоўках, выдзеленых спецыяльна на гэтыя мэты, не трэба плаціць за гандлёвыя месцы.

Нягледзячы на створаныя зручнасці, знаходзяцца яшчэ «прафесійныя гандляры», якім, як кажуць, «закон не пісаны». Нямала такіх і ў Пружанах. І ў асноўным гэта жанчыны сталых гадоў. Не магу зразумець: ці да гэтага часу не адпускаюць іх тыя ліхія 90-я, ці непакояць канкурэнткі, а можа, што іншае? Зноў жа на нейкім прыстасаванні выстаўляюць свой няхітры тавар. Паважаю сталасць, шкадую старэнькіх бабулек, разумею, што ім у жыцці прыйшлося нямала перажыць усялякіх бед. Але ж закон — ёсць закон. Да яго і звернемся. У гэтым нам дапаможа начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Ірына Ліхтаровіч.

Артыкул 13.11, частка 6 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях паведамляе: «Рэалізацыя фізічнай асобай, якая не ажыццяўляе прадпрымальніцкую дзейнасць, на вуліцы, стадыёне, у скверы, парку, грамадскім транспарце, а таксама ў іншым грамадскім месцы па-за рынкам або іншым устаноўленым мясцовым выканаўчым і распарадчым органам месцам тавараў, рэалізацыя якога такой асобай на рынку або ў іншым, устаноўленым мясцовым выканаўчым і распарадчым органам месцы не забаронена ў адпаведнасці з заканадаўствам, — цягне накладанне штрафу ў памеры да трох базавых велічынь». Нагадаю, што адна базавая велічыня з 1 студзеня 2024 года складае 40 рублёў. Дык ці каштуе аўчынка вырабу? Здаецца, не. Складаць пратакол за гэтае парушэнне, згодна з рашэннем Пружанскага райвыканкама № 346 ад 26 лютага 2021 года, упаўнаважаны начальнік, намеснік начальніка, галоўныя спецыялісты аддзела эканомікі райвыканкама.

Нехта скажа: «Не вельмі і вялікі штраф — да трох базавых велічынь». Але, калі чалавек яго раз заплаціць, другі, трэці, то дакладна будзе гандляваць па правілах. Ці не?

Віктар Ільюшчанка