Пятница, 18 апреля 2025

Нераўнадушныя жыхары Папялёва навялі парадак вакол помніка ахвярам Вялікай Айчыннай вайны

538

Набліжаецца Вялікдзень, за ім незаўважна — і Радаўніца. Жыхары імкнуцца навесці парадак не толькі ў сваіх населеных пунктах, але і на могілках, і каля помнікаў, прысвечаных ваенным падзеям. Абеліскі, якія стаяць на месцах расстрэлу або пахаванняў герояў, і прылеглыя тэрыторыі патрабуюць рэгулярнага догляду.

У рамках месячніка па добраўпарадкаванні суботнік быў наладжаны і ў Папялёве.

Па ініцыятыве старасты вёсак Папялёва і Глыбокі Кут Мікалая Заянчкоўскага з дзясятак актывістаў узброіліся граблямі і прыбралі сухое лісце вакол помніка ахвярам Вялікай Айчыннай вайны.

Сваёй шчырай працай аддалі даніну памяці загінуўшым салдатам настаўнікі, медработнікі, паштальёны і проста неабыякавыя жыхары вёскі, якія не захацелі заставацца ўбаку ад важнай падзеі.

— Гэты помнік быў усталяваны ў кастрычніку 1967 года на сродкі калгаса «Савецкі пагранічнік». Тут пахавана 138 салдат, якія аказалі годнае супраціўленне акупантам у першыя дні вайны. Андрэй Азоў, Аляксандр Букаеў, Васіль Нікалаеў, Георгій Кажэўнікаў, які да апошняга прыкрываў адыход нашых салдат. Шквальным пулемётным агнём ён знішчыў больш за пяцьдзясят фашыстаў, аўтамашыну і грузавік. Дарэчы, на месцы гібелі Кажэўнікава, за вёскай у лесе, у 1974 годзе быў ўстаноўлены яшчэ адзін помнік, — расказаў стараста.

Чырвонаармейцы стралковай дывізіі, якая дыслакавалася да пачатку баявых дзеянняў у Беластоку, на працягу двух дзён гераічна стрымлівалі націск гітлераўцаў. Ёсць нават сведчанні, што адзін нямецкі камандзір пазней прызнаваўся: у баях, якія разгарэліся непадалёк ад вёсак Чадзель, Роўбіцк, Пяняжкі, Папялёва, ён страціў столькі сваіх салдат, колькі яго часць не страціла за ўвесь час вайны ў Еўропе.

Алена Зялевіч, фота аўтара