Воскресенье, 19 января 2025

Калонка галоўнага рэдактара. Непрыкрыты шантаж, альбо «Галубкі міру»: разважанні наконт сітуацыі ў Грузіі

118

Грузію пасля парламенцкіх выбараў штарміць. Робіцца спроба правесці чарговую каляровую рэвалюцыю.

Скажаце: дзе Грузія і дзе Беларусь, здаецца, не краіны-суседкі. Справа ў тым, што ў гэтай закаўказскай дзяржаве адпрацоўваецца метадычка па правядзенні чарговай рэвалюцыі. Калісьці тут адна прайшла. Тады яе назвалі «ружовай». Зараз, хутчэй за ўсё, назавуць «петардавай». Бо мітынгуючыя ў нападах на паліцэйскіх выкарыстоўваюць феерверкі. Забіць не заб’еш, але шкоду значную нанясеш. Відаць, мадэратары бунту завезлі вялікую колькасць гэтых штуковін. Здаецца, бяскрыўдная рэч, тым больш Новы год наперадзе, ніхто і не падумаў бы, што яна можа ператварыцца ў зброю. Сцэнарый рэвалюцыі да болю падобны да ўкраінскага 2014-га і беларускага 2020-га гадоў: тратуарная плітка ў руках хуліганаў, «Кактэйлі Молатава», вогнішчы на плошчах і вуліцах, палаючыя аўтамабільныя пакрышкі, арматура і іншыя прыстасаванні барцуноў. А чаго ж ёй не быць падобнай, калі амаль усюды спрацоўвала?! Вось па Беларусі пайшоў першы збой метадычкі. Не пракаціла. А чаму? Ды таму што ў нас моцны Лідар — сапраўдны Гаспадар, з валявым характарам, без рахункаў у замежных банках афшорных кампаній і іншага друзу, на якім падлоўліваюць кіраўнікоў дзяржаў, якіх затым ці звяргаюць, ці трымаюць на кароткім ланцужку. Апошнія тады добра служаць свайму гаспадару, тапкі прыносяць, рукі ліжуць, танчаць пад дудку. На тым і стаіць глыбінная дзяржава.

А што ж з Грузіяй? Справа ў тым, што партыя «Грузінская мара» перамагла на парламенцкіх выбарах. За яе аддалі 54% галасоў. У апошні час гэтая партыя не даспадобы заакеанскаму гегемону і яго еўрапейскім сатэлітам. Адмовілі Урад і большасць прадстаўнікоў дэпутацкага парламента праводзіць у свет так званыя заходнія каштоўнасці: легалізацыю аднаполых адносін, змену пола ў дзяцей і іншыя брыдкасці. Карацей кажучы, перасталі выконваць каманды. Грузіны — старажытная нацыя, якая вельмі ганарыцца сваімі продкамі, традыцыямі, каштоўнасцямі. Там шануюць адносіны паміж мужчынам і жанчынай, сям‘ю, дзяцей, свой род. Усё гэта разыходзіцца з еўрапейскім уяўленнем пра дэмакратыю. Можа, нехта і палічыць мяне нейкім цемрашалам, але скажу, што Захад пакрысе спаўзае да канца свету. І справа нават не ў тым, што прыйдзе кара нябёс, хоць і гэта не выключана, а ў тым, што дзеці не будуць нараджацца і чалавецтва можа не стаць. Хоць і так там смяротнасць пераўзыходзіць нараджальнасць. Такая праблема ёсць і ў нас. Але ж мы спрабуем неяк стымуляваць стварэнне шматдзетных сем’яў на дзяржаўным, духоўным узроўнях.

А яшчэ грузіны не жадаюць, каб розныя недзяржаўныя камерцыйныя арганізацыі навязвалі свае правілы жыцця, дзейнасці, адукацыі. Іх у Грузіі таксама забаранілі. Вось вам і падстава для расхіствання краіны.

У выніку незадавальнення дзейнасцю грузінскага Урада ЗША разам з Еўрасаюзам прыстрашылі Грузію драконаўскімі санкцыямі. Першымі «скрыпкамі» ў гэтай аркестровай какафоніі выступілі як заўсёды, тры прыбалтыйскія «краіны-гіганты»: Латвія, Эстонія, Літва. «Напужалі» вельмі моцна. Смех дый годзе.

Самую непрыстойную ролю ў расхістванні Грузіі іграе, як ні дзіўна, яе прэзідэнт. А чаму здзіўляцца? Грамадзянка Францыі з малых гадоў не жыла ў Грузіі, толькі тут нарадзілася. Таму і дух Закаўказзя ёй не зразумелы.

Урад закаўказскай краіны пакуль трымаецца, не здаецца. На чыім баку застанецца перавага — будзем сачыць.

Віктар Ільюшчанка