Кот Івашка з’явіўся ў сям’і загадчыцы аддзялення энергетычнага забеспячэння сельскагаспадарчай вытворчасцi каледжа Марыны Карунас амаль два гады таму. Івашка – напалову сфінкс, таму поўсць у яго вельмі кароткая.
Менавіта такога гадаванца і шукалі Карунасы: вельмі ж ужо хацелася завесці ката, але ў сям’і ёсць алергікі. Таму Івашка са сваёй арыгінальнай «прычоскай» ідэальна падышоў сям’і з маленькім дзіцём.
Як толькі кот крыху падрос, гаспадары яго кастрыравалі. І гэта іх прынцыповая пазіцыя: патомства пакідаць павінны толькі пародзістыя жывёлы. А бадзяжных і так хапае.
Працэдура ніяк не адбілася на характары ката. Ён застаўся такім жа гуллівым, ахвотна ловіць насякомых і любіць бавіць час з гаспадарамі. Толькі давялося перайсці на спецыяльнае харчаванне (яно каштуе столькі ж, як і звычайнае), да якога Івашка хутка прызвычаіўся.
Незвычайная знешнасць ката выклікае розную рэакцыю ў людзей, ёсць нават такія, што яго баяцца. Але для сваёй сям’і ён — самы лепшы кот на свеце.
Кацярына Пашкевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.